Гарачы каментар Ліквідатары, медыкі і фізікі пра Чарнобыль і Беларускую АЭС. Спецвыданне «Студыі Белсат»


Роўна 33 гады таму, уначы з пятніцы на суботу, 26 красавіка 1986 года на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Найбольш ад самай вялікай тэхнагеннай катастрофай ХХ стагоддзя пацярпела нашая краіна.

На істотна забруджанай тэрыторыі цэзіем-137 апынуўся кожны чацвёрты беларус. Эканамічныя страты Беларусі ацэньваюцца прыкладна ў 235 мільярдаў долараў ЗША. Наступствы катастрофы не пераадоленыя дагэтуль. Пры гэтым праўда пра Чарнобыль усцяж замоўчваецца, а ў найбольш чыстым рэгіёне краіны рыхтуецца да запуску Астравецкая атамная электрастанцыя. Я, Валеры Руселік, вітаю спадарства ў адмысловым выданні «Студыі Белсат».

02:33 – Карэспандэнтка «Белсату» Любоў Лунёва размаўляе з Вольгай Кавальковай – Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

14:45 – Памятныя рэквіемы з нагоды 33-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшлі сёння па ўсёй Беларусі. У Менску на акцыю сабраліся каля 2 тысячаў асобаў. Некалькі сотняў прышлі і на мітынг-рэквіем ля мемарыялу «Ахвярам Чарнобылю» у Магілёве – відэа без каментара.

16:11 – Радыё «Рацыя» прыгадвае сёння, што маштаб замоўчвання савецкім кіраўніцтвам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС быў катастрафічным. Першае паведамленне прагучала ў праграме «Время» толькі праз два дні пасля аварыі і заняло агулам… 14 секундаў:

«На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася аварыя. Пашкоджаны адзін з атамных рэактараў. Прымаюцца меры па ліквідацыі аварыі. Пацярпелым аказваецца дапамога. Створана ўрадавая камісія».

Наш суайчыннік, усясветна вядомы адмысловец у галіне радыяцыйнай медыцыны Юры Бандажэўскі цвердзіць, што, у адрозненне ад Украіны, ніякія сур’ёзныя навуковыя і медычныя даследаванні наступстваў чарнобыльскай катастрофы сёння ў Беларусі не праводзяцца:

«Радыяцыйная нагрузка на дзетак Украіны была меншай, чым на беларускіх дзетак. Калі мы знайшлі […] сурʼёзныя паталогіі ўва ўкраінскіх дзяцей, я цудоўна разумею, якія вялікія змены могуць быць у беларускіх дзяцей. Гэта маё меркаванне, бо афіцыйнай інфармацыі я атрымаць не магу».

Патрабавалі праўды пра маштаб аварыі на ЧАЭС і яе наступстваў цягам амаль 30 гадоў удзельнікі «Чарнобыльскага шляху». І вось сёлета ўпершыню гэтая традыцыя была парушаная. Што не пакінула абыякавымі многіх свядомых грамадзянаў краіны. Гэтак, актывіст Павел Юхневіч напісаў у Фэйсбуку, што гэта ганебная сітуацыя, у якую трапілі ўсе мы без вынятку, а не толькі арганізатары:

«Я хачу прывесці прыклад: адзін з арганізатараў легендарнага Маршу Свабоды ў 1999 годзе заклаў уласную кватэру, каб знайсці сродкі для правядзення акцыі. Бо ўсведамляў адказнасць».

19:16 – Ці ведаюць беларусы пра сённяшнюю дату? І калі ведаюць, то што? «Белсат» запытаўся на вуліцах Менску.

«Я ненавіджу адказнасць ураду ў гэтай сітуацыі. Я ненавіджу, што дзеці гулялі ў дварах, бацькі хадзілі на работу. Я лічу гэта вялікай безадказнасцю і абыякавасці датычна грамадзянаў».

21:04 – А зараз пра тых, хто аддаў сваё здароўе і нават жыццё, каб максімальна абмежаваць наступствы катастрофы ў Чарнобылі. Гаворка пра ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Цікава, што ніхто дакладна не ведае, колькі іх было насамрэч. Гучаць лічбы ад паўмільёна да 900 тысячаў чалавек. Як яны жывуць сёння, гэтыя ціхія і часцяком забытыя героі, тыя, каму пашчасціла ацалець і дажыць да сёння? У матэрыяле Вольгі Старасцінай.

25:10 – Мы размаўляем з ліквідатарам катастрофы Адамам Варанцом.

Улады цвердзяць, што для дзяржавы праблема чарнобыльскай аварыі вельмі-вельмі важная. Вось, да прыкладу, што сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц:

«26 красавіка 1986 года – адная з самых трагічных датаў у гісторыі нашай краіны. 33 гады таму мірны атам стаўся чорным. Аварыя негатыўна паўплывала на ўсе сферы жыцця на тэрыторыі шмат якіх раёнаў Беларусі. Пераадоленне наступстваў аварыі на ЧАЭС для нашай краіны – заданне дзяржаўнай значнасці».

32:57 – Грамадскі і палітычны дзеяч Юрый Варонежцаў пасля аварыі на ЧАЭС працаваў у Вярхоўным савеце СССР адказным сакратаром па выяўленні наступстваў трагедыі і ацэнцы службовых асобаў. Таксама спрычыніўся да распрацоўкі і стварэння дазіметраў гамма-выпраменьвання. Жыве ў Гомлі. Размова з Юрыем Варонежцавым – да вашай увагі:

«Нам кажуць, што прайшло ўжо 30 год, а гэта амаль перыяд паўраспаду цэзію і стронцыю. Для больш-менш ачысткі зямлі трэба, каб прайшло 4-5 перыядаў паўраспаду. … Праз сто год яны скажуць: так, зямля ачышчаная, давайце тут ужо штосьці рабіць».

37:23 – Размаўляем з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім.

46:49 – Вядомы беларускі сцэнарыст Андрэй Курэйчык, рэагуючы на сітуацыю з «Чарнобыльскім шляхам-2019» кажа, што «у захапленні» ад рашэння ўладаў спаганяць грошы з людзей за ахову мерапрыемстваў. Адзінае, пра што кажа Курэйчык, што не варта абмяжоўвацца малым. І распавядае, як можна давесці абсурд да абсалюту.

48:35 – Размаўляем з фізікам-ядравікам Андрэем Ажароўскім.

51:03 – Навукоўцы ўсцяж не могуць даць вычарпальны адказ на пытанне, якія наступствы для чалавека нясуць гэтак званыя «малыя дозы» радыяцыі. Але і ў цэлым датычна працы АЭС вядуцца спрэчкі наконт шкодных выкідаў рэактараў, якія будуць, у тым ліку, і на Астравецкай АЭС – гэтага не хаваюць нават улады. Пры гэтым менавіта атамныя станцыі спрычыняюцца да ўсё часцейшых лясных пажараў па ўсёй планеце. Чаму? Тлумачыць прафесар, ліквідатар катастрофы на ЧАЭС Георгій Лепін, які дзясяткі гадоў займаецца даследаваннем працы атамных электрастанцыяў.

55:15 – Нягледзячы на тое, што мінула толькі 33 гады пасля радыяцыйнай катастрофы, ужо сёлета ўлады Беларусі плануюць запусціць рэактар на першай Беларускай АЭС пад Астраўцом. «Белсат» запытаў жыхароў Бабруйску, як яны ставяцца да гэтага, і ці ім страшна.

У Студыі працаваў Валеры Руселік.

belsat.eu

Калаж з фота: Komsomolskaya Pravda / Globallookpress.com / Forum

Глядзі таксама
Каментары