Купалу сёлета – 135. Ці могуць працытаваць класіка менчукі?


Паэт, драматург, публіцыст і перакладчык, чыя ґвалтоўная смерць у гатэлі «Масква» дагэтуль ахутаная таямніцай і чые творы не трацяць актуальнасці.

У Музеі імя Янкі Купалы ў прысутнасці міністра культуры Барыса Святлова ды іншых чыноўнікаў распачалі адзначаць 135-годдзе з дня нараджэння паэта. Дзень народзінаў Купалы – 7 ліпеня, аднак імпрэзы, выставы і лекцыі пра песняра абяцаюць ладзіць цэлы год і ў розных краінах.

Вось што кажа дырэктарка музею Янкі Купалы Алена Ляшковіч:

«Выставачныя праекты пройдуць у краінах – нашых суседках: Украіна, Расея, Літва, Латвія. Акрамя таго, выставы будуць у Арменіі, Грузіі, Славаччыне. Гэта краіны, якія так ці інакш звязаныя з Янкам Купалам ці з ягоным жыццём, ягонаю творчасцю».

І ў культурніцкіх дзеячаў ёсць поле для дзейнасці: хоць некаторыя радкі з Купалы мінакі называюць амаль з ходу, для большасці цяжка адразу назваць, якія творы належаць класіку.

На меркаванне мастака Рыгора Сітніцы, творчасць Купалы ўшанаваныя недастаткова. Улічваючы, што ён – адзін з асноўных стаўпоў беларускай нацыі. Пры гэтым, як лічыць спадар Сітніца, варта звярнуць увагу і на асобу Янкі Купалы.

«Я мару, каб паўстаў помнік Купалу-шляхціцу, Купалу-дэндзі, якім ён і быў у маладосці. Не надта я веру, што Купала апранаў вышыванку», – адзначае старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца.

На імпрэзе экспазіцыю музею папоўніў каштоўны экспанат – прыжыццёвы графічны партрэт Янкі Купалы працы савецкага мастака Мікалая Паўлава, набыты на аўкцыёне ў Расеі мясцовымі беларусамі.

Марына Вашкевіч, belsat.eu