У 2019-м Беларусь заплаціць па даўгах $ 4,5 млрд


 

Падатковы манеўр Расеі – «падарунак», якога ніяк не чакала кіраўніцтва Беларусі пры канцы года. Госць праграмы «Размова дня» эканаміст Леанід Заіка упэўнены: трэба баяцца не наступстваў падатковага манеўру, а таго, што ў 2019 годзе прыйдзе час выплочваць $ 4,5 млрд вонкавага доўгу.

Эканаміст Леанід Заіка ўпэўнены, што ўлады скарыстаюцца гучным канфліктам з Расеяй дзеля таго, каб апраўдаць свае папярэднія пралікі.

«На сённяшні дзень схема простая – расейцы вінаватыя, гэта іхны падатковы манеўр, праз іх нам будзе дрэнна. Мы ператварыліся ў такога спажыўца-наркамана, які сядзіць на расейскай энергетычнай іголцы. Наш агульны доўг – 40 мільярдаў, у наступным годзе трэба сплаціць 4,5 мільярда. Гэта складаная сітуацыя», – выказаўся спадар Заіка.

Паводле падлікаў эканамістаў, за першы год страты ад новых коштаў на нафтапрадукты складуць каля 350–400 мільёнаў долараў. Гэткім чынам эканаміст падкрэсліў, што для звычайнага спажыўца кошт падатковага манеўру не перавысіць кошту некалькіх кубачкаў кавы ў кавярні на год. А вось выплаты вонкавых даўгоў могуць моцна адбіцца на дабрабыце грамадзянаў. Чаму? Адказ шукайце ў праграме «Размова дня» з Уладзімірам Мацкевічам і эканамістам Леанідам Заікам.

Фота – Jose Luis Gonzalez/Reuters/Forum