Крызіс жанру: гандбольны чэмпіён Беларусі правальваецца ў Лізе чэмпіёнаў


Гандбольны клуб імя Мяшкова праваліў старт у чэмпіёнскай лізе, прагуляўшы 6 матчаў з 7. Гэтак дрэнна ў элітных раўндах галоўнага еўракубка чэмпіён Беларусі яшчэ не гуляў.

У мінулыя выходныя Ліга чэмпіёнаў адмерала палову дыстанцыі, у БГК на гэтым адцінку толькі 2 пункты за перамогу над Маторам. Чарговая спроба набраць пункты – хатняя гульня з «Вэспрэмам», якому да гэтага прагулялі ўсе 15 афіцыйных матчаў, выключэннем не стала, зноў параза – 30:37.

Іван Пэшыч, капітан БГК Імя Мяшкова:

«Я лічу, што праблема ў абароне. Наша абарона трэцюю гульню гуляе дрэнна. Нам цяжка ў браме. Я лічу, што калі добра гуляеш у абароне, то маеш контратаку і лёгкія галы, калі гэтага няма, то нічога не зробіш».

Заўзятары яшчэ вераць у каманду, шукаюць для сваіх улюбёнцаў апраўдання, але ўсё ж выказваюць незадаволенасць гульнёй БГК:

«Вельмі слаба, мы, канешне, спадзяемся, але цяпер спадзявацца можна толькі на цуд. Я думаю, што няма нейкай камбінацыйнай гульні, магчыма патрэбныя новыя напрацоўкі, свежыя ідэі, пакуль іх не відаць».

«Пакуль не ўсё так кепска, як некаторыя пішуць альбо думаюць. Я вельмі моцна спадзяюся, што мы збяромся, каманда ў тым ліку, і выйдзем у адну восьмую».

«Я не веру ў Алёнса, у гэтых амігасаў-іспанцаў, калісьці была каманда нашая вельмі моцнай, Бебешка быў».

«На жаль, сёння мы можам змагацца толькі з Маторам, а нават з такімі камандамі як «Порта» мы прайграем на выездзе, і ў хатняй гульні не факт, што мы выйграем. У чым тут праблема, на колькі адсоткаў вінаваты трэнер, наколькі гульцы, сказаць вельмі цяжка».

Віцэ-капітан БГК імя Мяшкова Вячаслаў Шумак упэўнены, што ў чэмпіёнскай лізе яшчэ нічога не страчана. Хоць наперадзе лягчэй дакладна не будзе, у лістападзе мяшкоўцаў чакаюць выязныя гульні з тым жа «Вэспрэмам» і польскім «Вівэ» ды хатні матч з пераможцам Лігі чэмпіёнаў «Вардарам».

Вячаслаў Шумак, лінейны БГК Імя Мяшкова:

«У нас адна перамога, што трэба зрабіць, каб набраць пункты? Перамагчы! У нас ёсць хатняя гульня з «Порта», «Монпэлье» на выездзе, хатні матч з «Вардарам», таму ў нас ёсць шанцы, дзе набраны пункты».

А іспанскі галоўны трэнер БГК шукае прычыны, чаму пад ягоным кіраўніцтвам найлепшы гандбольны клуб краіны не можа гуляць на тым жа ўзроўні, як некалькі сезонаў таму, калі выходзіў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў.

Рауль Алёнса, галоўны трэнер БГК Імя Мяшкова:

«У нас было шмат траўм, гуляючы ў групах А і В Лігі чэмпіёнаў любая траўма, любы промах каманды нашага ўзроўню, з нашай глыбінёй складу, яны сапраўды з’яўляюцца вырашальнымі. Ёсць каманды, якія могуць сабе дазволіць гуляць не губляючы якасць, нават згубіўшы важных выканаўцаў, але гэта не наш выпадак».

Гандбольны аглядальнік газеты «Прессбол» Сяргей Мардасевіч не першы год сочыць за гульнёй БГК і ведае галоўныя прычыны няўдачаў берасцейцаў:

«Прычын шмат, галоўнай я б назваў кадравую перабудову, якая адбылася ў міжсезонні. Адразу 7 навічкоў, прычым толькі Марка Паніч адразу хутка ўліўся ў склад, астатнім спатрэбіўся час на адаптацыю, і мы бачым, што да сярэдзіны першага кола, бліжэй нават да канца, загулялі так, як мы чакалі, так, як павіны Акамбрэ і Малус. Плюс не будзем забываць, што для Раўля Алёнса гэта першая лігачэмпіёнская кампанія, з вырашэннем падобных задач ён яшчэ не сутыкаўся».

Для Раўля Алёнса кожная наступная гульня можа стаць апошняй, бо цярпенне боса БГК Аляксандра Мяшкова не бязмежнае.

Алесь Ляўчук belsat.eu