Кузьма Козак: Пра вайну мы ведаем 0,5 %


Гісторык Кузьма Козак даводзіць, што мы ведаем мізер праўды пра вайну. І заклікае збіраць сведчанні, пакуль жывыя апошнія сведкі.

Праўда вайны: паміж афіцыйнымі пераможцамі і згвалтаванымі беларускамі

Паводле гісторыка, рэферэнта Гістарычнае майстэрні ў Менску, вайна ўсцяж застаецца для нас малавядомай.

«Ёсць цэлыя блокі, пра якія мы вельмі мала гаворым: напрыклад, штодзённасць вайны, – кажа Кузьма Козак. – Я быў супрацоўнікам Нацыянальнага архіву, і знайшоў там дакументы аб згвалтаваных жанчынах. Такіх у Беларусі былі тысячы, гэта была масавая з’ява. Я паспрабаваў знайсці хаця б адну гісторыю – калі жанчына распавядае пра гэта, як гэта было – і не знайшоў ніводнай.

Я даведаўся, што гэтыя жанчыны не расказваюць пра гэта у сем’ях. Нават сваім дзецям.

Гвалтаванні былі і ў Нямеччыне ў 1945-м годзе – пра іх ведае ўвесь свет. Што зрабілі нямецкія жанчыны? Яны аб’ядналіся ў гурткі, дзе распавядалі пра гэта. А што зрабілі нямецкія гісторыкі? Яны ладзілі праекты, якія гэта задакументавалі».

«2/3 загінулых жаўнераў на тэрыторыі Беларусі – невядомыя, – кажа Козак. – Вядомыя прозвішчы толькі 1/3. У ахвяраў Другой сусветнай вайны на тэрыторыі нашае краіны няма прозвішчаў. Такая безасабовасць – адзін з фактараў, які спрыяе таму, каб гэта было забыта».

Пра калабарацыянізм і яго стракатыя матывы, а таксама пра праўду вайны Усевалад Сцебурака размаўляе з Кузьмом Козакам у «Размове дня».