Гарачы каментар Класкоўскі: у нашых афіцэраў і генералаў русіфікаваныя мазгі


Ваенны парад, які мусіць адбыцца ў Менску 3 ліпеня, ладзіць дзеля піяру, а таксама на пацеху асабіста Аляксандру Лукашэнку. Такое меркаваня выказаў у «Гарачым каментары» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Сёння Аляксандр Лукашэнка заслухаў справаздачу аб падрыхтоўцы да ваеннага параду 3 ліпеня і даручыў правесці яго «на высокім узроўні», «сродкаў не шкадаваць».

«Ёсць яшчэ старажытнарымская формула, што народу трэба даваць хлебу і відовішчаў. З хлебам у шырокім сэнсе, з узроўнем жыцця, цяпер кепска і афіцыйны лідар зусім не ведае як гэта палепшыць. Таму вырашана зрабіць акцэнт на відовішчы. А такое відовішча, калі гусеніцамі калі ляскаюць танкі, лётаюць самалёты, гэта на частку электарату па-ранейшаму відаць робіць уражанне. А наконт не шкадаваць сродкаў, то гэта зноў рыторыка, зноў піяр, таму што тут жа міністр абароны сказаў журналістам, што лішняй капейкі мы, маўляў, не патрацім – усё згодна з бюджэтам. А беларускі вайсковы бюджэт – вельмі-вельмі сціплы», – кажа Класкоўскі.

Між тым, Класкоўскі не выключае, што Лукашэнку і самому падабаюцца такія вайсковыя парады:

«Можа гэта піяр не столькі разлічаны на кагосьці, колькі гэта шоў для аднаго гледача, для якога краіна стала ягонай уласнасцю і які проста ладзіць нейкія мерапрыемства сябе на пацеху».

Паводле эксперта, беларускай арміі ёсць, што паказаць у вайсковым сэнсе. Але ў выпадку агрэсіі з усходу з баявым духам беларускіх вайскоўцаў могуць быць праблемы, мяркуе Класкоўскі:

«Мы кажам пра тэхніку, пра мадэрнізацыю, пра ракеты. Але павінен быць яшчэ і баявы дух. А наша войска ў гэтым сэнсе выклікае вялікія пытання. Яшчэ больш рэзка я скажу: па многіх сімптомах бачна, што ў значнай часткі нашых афіцэраў, генералаў мазгі, груба кажучы, русіфікаваныя. Увогуле наша грамадства русіфікаванае. Дзяржава для многіх гэта нешта чужое, гэта варожае, якое толькі лезе ў кішэнь. І калі, крый божа, здарыцца час X, калі трэба будзе браць зброю і бараніць Беларусь, ці шмат знойдзецца сапраўдных патрыётаў?».

Глядзі таксама
Каментары