Катастрофа ад мора да мора: хто хоча забіць Прыпяць?


Калісьці савецкія інжынеры разварочвалі рэкі, руйнуючы прыродны баланс на агромністых тэрыторыях. Сёння лабісты з Беларусі ды Украіны прасоўваюць шматмільярдны праект воднага шляху ад Чорнага да Балтыйскага мора, які можа нанесці фатальную шкоду экасістэмам Беларусі, Польшчы і Украіны.

Госць праграмы «Размова дня» са Святланай Калінкінай, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Белорусы и рынок» Алесь Герасіменка распавёў, чаму праект воднай трасы Е-40 ёсць спробаю патапіць мільёны долараў і экалогію краіны.

Водны шлях Е-40 задумваецца як новы сродак злучыць Чорнае і Балтыйскае мора праз тры краіны: Украіну, Беларусь і Польшчу. План, які на першы погляд здаецца цікавым і перспектыўным, не вытрымлівае крытыкі пры бліжэйшым разглядзе.

«Прыпяць адна з рэк у Еўропе, што захавалася да нашага часу ў натуральным стане. А што такое пабудова воднага шляху Е-40 адпаведна з чацвёртым класам суднаходства? Канечне ж, пабудова паводле тых стандартаў вымагае сур’ёзнага ўмяшання ў рэчку. І працы для паглыблення дна, і выпрамленне рэчышча, і пабудова цэлага каскаду плацінаў. Пасля таго, як такое адбудзецца, рэчка перастане быць рэчкай, а ператворыцца ў канал, шырокую канаву, каскад вадасховішчаў. Па экасістэме гэтай ракі будзе нанесены катастрафічны ўдар».

Пры гэтым суразмоўнік Святланы Калінкінай заўважыў, што акрамя экалагічных наступстваў варта памятаць пра эканамічныя. Згодна з падлікамі грамадскай кампаніі «Стоп Е-40», для ажыццяўлення такіх планаў трэба пабудаваць не менш за шэсць-сем плацінаў. Кожная можа каштаваць не менш за 100 мiльёнаў долараў.

— Хто лабіюе дарагі ды небяспечны праект?

— Ці рэальна зрабіць з беларускай вёсачкі міжнародны порт?

— Чым для экасістэмы краіны можа скончыцца будаўніцтва Е-40?

На гэтыя ды іншыя пытанні ў праграме «Размова дня» шукалі адказаў Святлана Калінкіна і намеснік галоўнага рэдактара газеты «Белорусы и рынок» Алесь Герасіменка.