Карупцыя на чыгунцы: як і хто распільвае бюджэт? Расследаванне «Белсату»


Адзін з кіраўнікоў кампаніі «Белінтэртранс», звязанай з Беларускаю чыгункай, забыў уласнае імя, калі Станіслаў Івашкевіч, аўтар гучных журналісцкіх расследаванняў на «Белсаце», прыйшоў да яго ў кабінет. Журналіст хацеў запытаць пра падазроныя дзеянні кампаніяў-падрадчыкаў Беларускай чыгункі. Дырэктар кампаніі выклікаў начальніка аховы і забараніў каментаваць, каб не даць паразмаўляць. Чаго так спужаліся чыгуначныя функцыянеры?

Асноўны даход Беларускай чыгункі – ад грузаперавозак. Адсюль субсідуюцца кошты пасажырскіх квіткоў, асабліва на ўнутраныя рэйсы. Але каб перавезці грузы, спярша іх трэба пагрузіць і пасартаваць. Дзеля гэтага стварылі экспедыцыйнае прадпрыемства «Белінтэртранс». Аўтары праграмы вырашылі бліжэй прыгледзецца да дзейнасці беларускай чыгункі і, сярод іншага, да гэтага яе падраздзялення.

Расследаванне паказала, што работы ў арганізацыі размяркоўваюць не праз адкрыты конкурс. Угоды заключаюць у выніку прыватных дамоўленасцяў. Беларуская чыгунка запрашае да выканання замоваў нейкія канкрэтныя фірмы, якія нагадваюць аднадзёнкі. Аформіўшы з імі кантракт, адказныя інжынеры дзяржаўнай арганізацыі заключаюць з імі дадатковае пагадненне – і так павялічваюцца кошты.

На дзяржаўных прадпрыемствах, дзе круцяцца вялікія грошы на мадэрнізацыю, ствараецца і ўрадлівая глеба для карупцыі. Гэтак, у 2014 годзе Следчы камітэт раскрыў схему на менскім аддзяленні Беларускай чыгункі. Начальнік аднаго з будаўнічых прадпрыемстваў пачаў адмаўляцца ад падраду, спасылаючыся на перагружанасць свайго ведамства. Але потым браўся за гэтую ж работу і за большую цану, але ўжо ад імя прыватнай фірмы, дзе заснавальнікамі лічыліся ягоны сын і знаёмы. А працавалі работнікі той самай нібыта перагружанай дзяржаўнай установы.

Як гэткія карупцыйныя схемы ўплываюць на стан беларускай чыгункі? Якая роля ў гэтых схемах належыць сілавікам? Чаму працаўнікі беларускай чыгункі атрымліваюць амаль у 10 разоў менш за сваіх нямецкіх калегаў? Глядзіце ў выданні.

Праграму аўтарскіх расследаванняў Станіслава Івашкевіча «Давайце разбірацца» глядзіце кожны другі чацвер а 19.05 тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4 A» (ранейшая назва «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.