Каронавірус, Ленін і «прывет» ад Менгарвыканкаму


На гэтым тыдні ў Беларускай дзяржаве ўсё перамяшалася: вялікі бізнес – з каронавірусам, рэгіянальны бізнес – з камуністычнаю спадчынаю, а дзяржаўная ідэядогія – з тым што не кажуць услых, а пішуць на плоце. Віктар Лукашэнка на новенькім самалёце паляцеў у Эміраты на наступны дзень пасля інфармацыі аб каронавірусе ў Беларусі. Мы падумалі, можа назаўжды?

Як толькі Віктар пакінуў ААЭ, каронавірус абвесцілі і там! Прызямліўся ў Кіеве і атрымаў паведамленне пра першы выпадак захворвання ва Украіне! Пра падазроныя перасоўванні «старэйшага сына» пыталіся ў менчукоў і пачулі, што магчыма Віктар лятаў адпачываць, ці шукаць грошай, ці лекавацца ад каронавірусу. Калі хвароба мацнейшая за любоў да хакею… Беларусь нават не паспрабуе адкрыць браму сёлетняму Чэмпіянату свету па хакеі, ад якога (магчыма!) адмовіцца Швейцарыя.

Масавых мерапрыемстваў з прыездам замежных гасцей Беларусь асабліва не плануе. Планавыя святы – застаюцца, як Дажынкі… што гэтым разам пройдуць у Горках і… без Леніна. Помнік правадыру ўначы, як быццам нехта будзе пратэставаць! – вынеслі з-пад выканкаму. Замест яго разабʼюць кветнік. Прапісаны ў Магілёве Ленін мае лепш. Камунальнікі гатовыя заплаціць $ 72 тыс за аднаўленне помніка да 22 красавіка – Дню народзінаў Ільіча. Жыхары Магілёву кажуць:

«Лепш гэтыя грошы пажылым людзям выдаткаваць ці жанчынам на 8 сакавіка».

«Калі нехта хоча сабе пабудаваць лецішча, то можна і зрабіць Леніна. Бо не ўсе ж грошы пойдуць туды».

«Лепш адрамантаваць, мы ж выраслі на гэтым помніку. Усё нашае дзяцінства, юнацтва і школа прайшлі».

«Убіраць яго не трэба, усе арыентуюцца на помнік Леніну».

Зараз 2020 год, які Ленін ужо? Час прабачыць і адпусціць».

«Ён жа не вінаваты, ён жа помнік… у любым выпадку».

Вазьміся мы ў такім кошце аднаўляць усе чатыры сотні Бронзавых Ульянавых, то маўзалееўскі «вечна жывы» перавернецца 115 разоў. Выдаткі на ягоную кансервацыю ў Маўзалеі складаюць $ 250 тыс на год. Уладзімір Шанцаў з Абʼяднанай грамадзянскай партыі накіраваў у гарвыканкам зварот – прымяніць «ленінскія» грошы больш сэнсоўна:

«Прывід блукае па Беларусі, прывід камунізму. Яго хочацца захаваць, але не атрымліваецца. Эканамічна нявыгадна. Трэба ісці наперад і пазбаўляцца ад такіх помнікаў».

Народу з чынавенствам спрачацца складана. А журналістам ліберальных медыяў – часам бессэнсоўна. Акрэдытаваны журналіст Радыё Свабода Аляксандр Дашчынскі на працягу некалькіх дзён «выпрошваў» каментар кіраўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску адносна зносу ў сталіцы аднаго з прыватных дамоў. У справу ўмяшаўся Барыс Гарэцкі з «Беларускай Асацыяцыі журналістаў»:

«Я даведаўся асабісты нумар прэс-сакратара Менгарвыканкаму. Патэлефанаваў ёй, ня ведаючы, што яна ў адпачынку. Патлумачыў сітуацыю і спытаў, як мне паступіць. У адказ пачуў нецэнзурную лексіку, пасля чаго яна паклала слухаўку».

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Калаж з фота: Denis Kostyuchenko / TASS / Forum / Christopher Pike / Reuters / Forum