Каронавірус блізка - але не трэба панікаваць


Галоўная навіна ў свеце і Еўропе. Каранцін, спраўджанні на дарогах і лётнішчах. Паніка і новыя ахвяры. Каронавірус, які падаваўся такім далёкім, раптам зрабіўся вельмі блізкім. Хвароба ўжо зарэгістраваная прынамсі ў адзінаццаці еўрапейскіх краінах.

Пацверджаны вірус у траіх расейцаў, якіх эвакуявалі з круізнага лайнера з Японіі ў Казань. Колькасць памерлых у свеце наблізілася да трох тысячаў, захварэўшых – больш за восемдзесят тысяч. І хаця медыкі ў розных краінах запэўніваюць, што сітуацыя пад кантролем, рэчаіснасць паказвае, што каронавірус распаўсюджваецца без межаў і ўсялякага кантролю. У чырвоных закрытых зонах апынуліся жыхары паўночных абласцей Італіі. Пераносімся цяпер туды віртуальна. І з намі на сувязі з Трэнта Святлана Яцко. Спадарыня Святлана, як выглядае жыццё на Поўначы Італіі сёння?

«Я жыву ў Трэнта – у нас толькі зачынілі навучальныя ўстановы. Кожную хвіліну расказваюць пра тое, як распаўсюджваецца каронавірус. У барах, рэстаранах, на вуліцах няма людзей. Паніка, людзі не выходзяць нікуды, баяцца».

Якія перспектывы, што кажуць улады?

«Ніхто не кажа нічога канкрэтнага. Толькі спадзяемся, што школы адчыняцца ў панядзелак».

Жыхары Італіі і турысты актыўна каментуюць сітуацыю:

«Трэба захоўваць спакой. Адзіная парада, якую я магу даць як доктарка: памятайце, што ў галоўнай групе рызыку людзі сталага ўзросту і асобы з цяжкімі захворваннямі – ракам ці імуннай паталогіяй – такім людзям лепей не гуляць па вуліцы.»

«Я не надзяваю маску, бо наш урад папярэдзіў, што дастаткова быць асцярожным.»

«Трэба проста дбаць пра гігіену, не мець з незнаёмымі людзьмі кантактаў.»

Працяг размовы глядзіце ў відэа.

Фота: REMO CASILLI / Reuters / Forum

belsat.eu