Камунальнік застрэліў сабаку на вачах у 13-гадовага хлопца



На пачатку сакавіка ў пасёлку Сасновым, што паблізу Мазыра, на вачах 13-гадовага Улада камунальнікі застрэлілі ягонага сабаку. Здымачная група «Маю права» накіравалася, каб разабрацца ў сітуацыі.

У апошні момант апекуны хлопца з важкіх прычынаў сустрэчу з намі адмянілі. Аднак на месцы здарэння з намі пагадзіўся сустрэцца жыхар Мазыра Ігар Астахаў. Ягонага сабаку Роджэра таксама забілі мясцовыя лаўцы.

Каля буды засталася толькі вяроўка, на якой Роджэр быў навязаны. Ігар кажа, што альпінісцкі карабін на вяроўцы мог адкруціць толькі чалавек. На дзеянні лаўцоў сям’я Астахавых падала заяву ў міліцыю.

«Сказалі, што ў нашай справе нам адмоўлена, і распачатая новая справа, на нас падаў заяву старшыня сельсавету, – распавядае Аляксандра Астахава, жонка Ігара. – Нібыта мы на яго кідаліся ў кабінеце, пагражалі яму. Адбыўся суд. Але суд мы выйгралі, старшыні было адмоўлена».

У Беларусі абмяркоўваюцца новыя правілы абыходжання з жывёлаю

У пасёлку Сасновым адбылося яшчэ адно забойства сабакі. Ганна Саўчук пад вокнамі свайго дому зладзіла для сабачкі Бровы ляжаначку. Спадарыня Ганна прадэманстравала карэспандэнту нашай праграмы, якой пяшчотнай была ейная гадаванка. У Бровы былі прышчэпкі, яна была стэрылізаваная і чыпаваная. Аднак і яе застрэлілі.

«Мне абяцалі звольніць лаўцоў. Урэшце звольнілі аднаго з іх. Другі застаецца працаваць – гэтая асоба працягвае рабіць той самачын, самадурства, свавольства, – кажа Ганна Саўчук. – Асоба, схільная да лютасці і неапраўданых учынкаў».

Жыхар Мазыра Кірыл Мельнічэнка выцягнуў шчанюка з ямы, куды камунальшчыкі скідаюць застрэленых жывёлінаў.

«Яго папросту ўдарылі аб бетоннае кальцо і кінулі ўніз паміраць, – каментуе відэа спадар Кірыл. – Унізе бачым шмат сабакаў, некаторыя з ашыйнікамі».

На жаль, праз пэўны час выратаваны Кірылам сабачка сканаў. Мужчына накіраваў у Мазырскі райвыканкам скаргу на дзеянні лаўцоў. Кірыл зачытаў нам вытрымку з адказу:

«Прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе вымовы. Таксама вас інфармуем, што з Каркошкам дадаткова праведзеная тлумачальная грунтоўная гутарка аб недапушчальнасці дзеянняў, якія спараджаюць скаргі ад насельніцтва».

https://belsat.eu/news/uzakonenyya-zabojstvy-na-vachah-u-dzyatsej-chamu-na-nashyh-vulitsah-rasstrelvayuts-zhyvyolinau/

Ува ўсіх гэтых выпадках забіваў жывёлу адзін і той жа працаўнік Мазырскага райжылкамгасу. Кіраўніцтва дагэтуль не адхіліла яго ад працы. Павел Цык, намеснік дырэктара Мазырскага райжылкамгасу, распавёў нам, што ідзе службовае расследаванне.

«На падставе гэтага расследавання будуць нейкія высновы. Калі ягоная віна будзе даказаная… Цяпер іншую асобу прынялі, на гэтую ж працу не вельмі і людзей знойдзеш, не кожны пагаджаецца, вы ж разумееце, – распавёў нам Павел Цык. – Калі пацвердзіцца, то вядома, мы скасуем з ім кантракт».

Пасля таго, як на вачах 13-гадовага Улада застрэлілі ягонага гадаванца, пацярпелыя ад дзеянняў мазырскіх лаўцоў пачалі аб’ядноўвацца.

«Мы будзем ісці да канца, мы будзем змагацца, і мы хочам даказаць, што не толькі ў нашым горадзе [Мазыры], а па ўсёй краіне адбываецца такі самачын, – сказала нам на развітанне Аляксандра Астахава. – Лаўцы – гэта не лаўцы, а забойцы!»

Таксама ў праграме «Маю права»:

https://belsat.eu/news/sabak-palivayuts-vadoj-i-palyats-tokam-chamu-gvalt-nad-zhyvyolami-u-belarusi-geta-norma/

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Больш матэрыялаў

Раман і Ганна – гісторыя шлюбу ў Берасцейскім следчым ізалятары

Дзевяць сілавікоў напалі на адну пенсіянерку

Не віталася з працаўнікамі СІЗА – змясцілі ў карцар на 17 дзён

«Не забудзем» – надпіс, які перавярнуў жыццё Максіма і Вікторыі

Берасцейца з БЧБ-валасамі затрымлівалі сем разоў

Пенсіянерку падазраюць у тэрарызме

Улады пужаюць беларусаў тэрактамі

Палітзняволеным пагражаюць смерцю?