Гарачы каментар «Каліноўскі – не паляк». Алесь Краўцэвіч адказвае Ігару Марзалюку


Прафесар, доктар гістарычных навук, дэпутат Ігар Марзалюк апублікаваў артыкул у «Настаўніцкай газеце», у якім сцвярджае, што Кастусь Каліноўскі змагаўся не за беларускую, а за польскую ідэю, а самое паўстанне было чыста польскім. Публікацыю беларускага гісторыка і дэпутата пракаментаваў у эфіры «Белсату» прафесар, доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

На думку Алеся Краўцэвіча, Ігар Марзалюк б’е ў падмурак беларускай нацыянальнай гісторыі.

«Тое, што піша спадар Марзалюк, – выхапленыя з кантэксту нейкія факты, нейкія тэксты. Яны не адпавядаюць даследаванням рэальных спецыялістаў па XIX стагоддзі. З гэтым не варта нават спрачацца. Сэнс выступу Ігара Марзалюка – не навуковы, а чыста ідэалагічны», – сцвярджае Краўцэвіч.

«Удзельнікі паўстання 1863–64 гадоў думалі ў першую чаргу пра Вялікае княства Літоўскае – гэты быў перыяд, калі не быў сфармаваны беларускі нацыянальны рух», – нагадвае Краўцэвіч. – «Каліноўскі заклаў падставы народніцтва, ён стаіць у вытокаў беларускага нацыянальнага руху. Пароль паўстанцаў – «Люблю Беларусь». Ён звяртаўся па-беларуску да людзей, ён меў на ўвазе гэтую Беларусь. Прафесар Смалянчук знайшоў у архівах лісты сям«і Каліноўскага, дзе яго называлі менавіта Кастусём, а не Вікенціем».

Паводле Алеся Краўцэвіча, Ігар Марзалюк стаў закладнікам дзяржаўнай ідэалогіі.

«Ён можа б і хацеў ухіліцца ад такіх выказванняў, але не можа, бо мусіць даказваць, што ён свой. Свой сярод чужых».

У калажы вокладкі выкарыстанае фота радыё «Свабода»

 

Глядзі таксама
Каментары