Што цяпер з рэвалюцыяй Ціханоўскага


Сяргей Ціханоўскі – кандыдат-блогер, які з’явіўся нібыта зніадкуль ды імгненна абʼяднаў вакол сябе шмат беларусаў. Цяпер ягоны штаб разгромлены, а сам Сяргей – за кратамі. Што адбываецца з ягонымі паплечнікамі? Ці ёсць у іх план дзеянняў для перамогі ў выбарах, ці каманда Ціханоўскага спыніла барацьбу? Распытаем на дэтэктары хлусні Вольгу Паўлаву, каардынатарку менскага штабу Святланы Ціханоўскай у праграме «Шчыра кажучы».

Вольга Паўлава распавядае пра шматлікія правапарушэнні з боку службовых асобаў ЦВК ужо на першым этапе збору подпісаў, якія яна выкрыла разам з паплечнікамі. Госця студыі разам з іншымі 36 актывістамі звярнулася да кіраўніка дзяржавы. Яны патрабуюць звольніць парушальнікаў і прызначыць на іхныя пасады асобаў, якія будуць дзейнічаць адпаведна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, абараняючы правы грамадзянаў. Калі самому Аляксандру Лукашэнку цяжка быць гарантам Канстытуцыі, падпісанты прапаноўваюць яму зняць з сябе паўнамоцтвы ды сысці на пенсію.

«Калі Лукашэнка не гарант Канстытуцыі, тады хто ён для нашай краіны? Можа, захопнік?» – разважае Вольга Паўлава ў студыі праграмы.

Вольга Паўлава ў студыі праграмы «Шчыра кажучы»

Цяпер аўтары звароту чакаюць рашэння кіраўніка краіны.

«У залежнасці ад таго, што ён абярэ, [мы будзем] заклікаць армію да абароны народу ад захопнікаў», – папярэджвае Вольга Паўлава.

На пытанне, ці каардынатарка штабу Ціханоўскай абсалютна давярае лідарам сваёй каманды, жанчына адказала станоўча, аднак дэтэктар хлусні не пацвердзіў яе словаў. Псіхолаг Сяргей Малікаў, якога запрасілі ў студыю ацэньваць эмоцыі гасцей, у адказе Вольгі заўважыў эмоцыю пагарды. Як госця патлумачыла сваю рэакцыю? Якое пытанне выклікала страх у жанчыны? Пра што яна шкадуе ды на што спадзяецца?

Вядоўца праграмы Зміцер Міцкевіч і паліграфолаг Сяргей Малікаў аналізуюць адказы госці

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы» сюжэт пра тое, колькі зарабіў Сяргей Ціханоўскі, як ён стаў відэаблогерам, ды што здарылася з ягоным белым «BMW».

belsat.eu