Удвая павялічыць заробкі лекарам паабяцаў Аляксандр Лукашэнка. Штопраўда, не цяпер, а да канца наступнай пяцігодкі. Добрых медыкаў ужо не стае ў нашай краіне: дактары за мяжою шукаюць лепшай аплаты і ўмоваў працы. Ці ў стане ўлады Беларусі спыніць адток спецыялістаў, і што робяць суседнія краіны, каб прыцягнуць да сябе добрых адмыслоўцаў?
Кірунак на Расею ў агульнай плыні працоўных мігрантаў 10 гадоў таму абраў і хірург-стаматолаг Міхаіл Марозаў, цяпер – жыхар Пецярбургу:
«Людзі шукаюць магчымасцяў. Не так лёгка ў медычнай галіне пацвердзіць дыплом, таму чапляюцца за любую магчымасць трапіць туды, дзе «цяплей».
Уладкоўваючыся ў Расеі, лекар валодае моваю і не мусіць пацвярджаць дыплом. Сярэдні заробак у буйных гарадах усходняй суседкі $ 1500 долараў. У Беларусі ўдвая меншы – $ 730 долараў. Неўзабаве… усё зменіцца да лепшага – пачулі ад Аляксандра Лукашэнкі, які наведаў Рэспубліканскі Цэнтр анкалогіі і радыялогіі:
«Не багатыя, але і не бядуем. Мы, вядома, будзем прытрымлівацца гэтай лініі, і да 2025 года ў нас будзе падвойны заробак у лекараў».
Кіраўнік даў зразумець, што не асабліва заклапочаны адтокам беларускіх лекараў за мяжу. У Беларусі колькасць лекараў расце – падхапіў міністр здароўя Уладзімір Каранік, які ў бліжэйшыя гады плануе закрыць пытанне недахопу медработнікаў у тым жа тэрміне, як рост заробкаў.
«Вельмі шмат студэнтаў-медыкаў вучаць замежныя мовы, пачынаючы ці з першага курсу, ці ўвогуле паступаюць ва ўніверсітэт, разумеючы, што яны з’едуць», – гаворыць Зміцер Кароль, хірург.
На тэматычных форумах распавядаюць: навучанне ў польскім медычным універсітэце каштуе каля 30 тысяч злотых на год (прыблізна 7800 долараў). Танней – атрымаць дыплом на Радзіме і пацвердзіць яго ў Еўразвязе.
«Калі маеш 50 асобаў на прыём за дзень, зрабіць памылку вельмі лёгка, таму што гэта стрэс, вельмі высокі псіхалагічны ціск, працоўны, і за такі заробак… прабачце, параўноўваючы з умовамі ў розных краінах, па вялікім рахунку ў іншых краінах за гэта прынамсі дадаткова плоцяць», – працягвае хірург Зміцер Кароль.
Сярэдні заробак польскага лекара на ўзроўні маскоўскага спецыяліста, а ў Нямеччыне – у чатыры разы вышэйшы. Праца – на сучасным абсталяванні… Не горшае Лукашэнка загадаў набыць для беларускіх медыкаў, але не падказаў за якія сродкі.
Недахоп запатрабаваных апаратаў тыпу УГД ды МРТ назіраем у шэрагу постсавецкіх краінаў, гэтак і ўзровень працоўнай міграцыі там высокі. Згодна з апытаннем Boston Consulting Group амаль палова расейскіх лекараў хочуць працаваць за мяжою.
«Цяпер у некаторых краінах Еўразвязу не стае спецыялістаў медыкаў, таму ведаю, што заканадаўча ў ЕЗ спрашчаюць працэдуру настрыфікацыі», – тлумачыць хірург-стаматолаг Міхаіл Марозаў.
Паводле Сусветнага банку, найбольш прывабныя для мігрантаў з Усходняй Еўропы – Чэхія, Польшча, Нямеччына, Скандынавія. Уласна Міхаіл Марозаў спадзяецца пераехаць у адную з гэтых краінаў.
Юлія Цяльпук belsat.eu
Фота: Sergey Maximishin / Focus / Forum