«Мірны дом» для беларусаў


У Польшчы адчыніўся «Мірны дом», які быў створаны для тых, хто хоча жыць у міры і спакоі, але пазбаўлены гэтага на сваёй радзіме. Цяпер тут жывуць беларусы. А сёння гучна адзначаюць адкрыццё дому.

Тут ёсць усё для камфортнага жыцця: утульныя пакоі, кухня, дзе жыхары разам гатуюць ежу, і пакоі, дзе разам бавяць час, вывучаюць польскую мову на арганізаваных для іх занятках, а таксама працуюць у абсталяванай пад іхныя патрэбы майстэрні.

Адкрыццё «Мірнага дому» для беларускіх уцекачоў. Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
На адкрыцці «Мірнага дому» для беларускіх уцекачоў. Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

«Мірны дом» – гэта месца для палітычных уцекачоў з Беларусі, якія звяртаюцца ў фонд «Humanosh». У кастрычніку мы пачалі прымаць беларусаў у нашым прыватным доме, пазней мы арандавалі 14 кватэраў. А пасля пастанавілі, што трэба стварыць адмысловае месца, куды беларусы могуць прыехаць і мець месяц-два на тое, каб вызначыць, што будуць далей рабіць у Польшчы», – кажа Катажына Скопец, з фонду «Humanosh», заснавальніца «мірнага дому».

Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Яўген і Ала Разумко мусілі вызначаць хутка, бо на іхным утрыманні трое дзяцей. Яўген, які ў маленстве жыў у суседнім доме са Святланай Ціханоўскай, на выбарах галасаваў за яе, а пасля выбараў выйшаў бараніць свой голас, быў у раёне станцыі метро «Пушкінская», дзе на ягоных вачах застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага. Блізка да смерці быў і сам Яўген:

«Па мне пачалі страляць гранатамёты, адна граната трапіла ў аўта, а другая – у стойку дзвярэй, дэтанацыя была такая, што мяне аглушыла, я згубіўся, аўта заглухла. Я апусціў галаву і падумаў, што ўсё, зараз пачнуць забіваць».

Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Яўген вырваўся, пратараніўшы аўтам ланцуг амапаўцаў.

«Першы час я дзецям не казала, дзе тата, а калі ў мяне былі ператрусы, я прасіла суседзяў пабыць з імі», – кажа ягоная жонка Ала.

Неўзабаве Ала з дзецьмі следам за мужам змагла пераехаць у Польшчу і пасяліцца ў «Мірным доме». Цяпер тут жывуць 19 чалавек, кожны са сваім болем. Вярнуць веру ў людзей і ва ўласныя сілы беларусам у «Мірным доме» дапамагае псіхолаг Кацярына:

«Дэпрэсія дастаткова глыбокая, таму што людзі ў стрэсавай сітуацыі і не ведаюць, як рэагаваць на тое, што адбываецца. Значэнне гэтага дому вельмі вялікае, таму што сам гэты дом – свайго роду псіхатэрапія: мы ўсе тут дапамагаем адно аднаму, мы ўсе сутыкнуліся з такою ж бядою, і мы не дамо адно аднаму раскіснуць».

За дапамогу беларусам падзяку выказала Святлана Ціханоўская:

«Дзякуй усім вялікі, хто браў удзел у арганізацыі гэтага дому, у падтрыманні беларусаў. Вы робіце вялікую справу. Я заўсёды кажу: кожны патрошку, кожны – што можа, і гэта называецца салідарнасць, гэта тое, што нас не спыняе і чаго ў нас ніхто ніколі не забярэ».

Святлана Ціханоўская павіншавала прысутных на адкрыцці «Мірнага дому» для беларускіх уцекачоў. Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Павел Латушка выказаў тое, што думаюць беларусы ў Польшчы:

«Я вельмі спадзяюся, што гэты «Мірны дом» будзе прыдатны, але ўсё ж такі на кароткі час: мы вельмі хочам як мага хутчэй вярнуцца ў нашую Беларусь, на нашую радзіму, на нашую Бацькаўшчыну!»

Сяргей Дылеўскі, Павел Латушка і Кася Скопец на адкрыцці «Мірнага дому» для беларускіх уцекачоў. Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат
Варшава, Польшча. 8 траўня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Пакуль жа жыхары могуць без клопату жыць у «Мірным доме» да трох месяцаў, у гэты час фонд ім дапамагае знайсці кватэру, працу, уладкаваць дзяцей у навучальную ўстанову.

Вольга Старасціна, «Белсат»