Больш пра тэмы праграмы:
Лукашэнка збірае сяброў, а сябры не едуць. Кіраўнік Беларусі заклікаў лідараў іншых дзяржаваў прыехаць у Менск на парад 9 траўня, аднак ніхто не адгукаецца. Сталіца Беларусі тым часам рыхтуецца да масавага святкавання сямідзесяціпяцігоддзя перамогі ў Другой сусветнай вайне, на якое аўдыторыю збіраюць пад прымусам. Нашто гэты фарс уладам Беларусі і чым ён можа скончыцца? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.
Як «COVID -19» уплывае на дзяцей, чаму прыйдзе наступная хваля пандэміі? Інтэрв’ю з прафесарам Эрнэстам Кухарам, кіраўніком Клінікі педыятрыі Варшаўскага медычнага ўніверсітэту. Суразмоўца Сяргея Пелясы даследуе інфекцыйныя хваробы. Ён таксама прэзідэнт польскага таварыства вакцынолагаў і эксперт медычнай клінікі «Люкс Мэд» (LUX MED).
У «Прасвеце» мы паказалі кароткую версію інтэрв’ю з прафесарам Эрнэстам Кухарам. Поўную версію шукайце ў панядзелак на YouTube канале «Белсат News» і на сайце.
Гэта была вайна, «дзе ўсе змагаліся супраць усіх». Так Другую сусветную на тэрыторыі Беларусі называе беларускі гісторык, прафесар Яўген Мірановіч. Змагаўся і аўтар кнігі «Мы той час не абіралі», афіцэр танкавага батальёна Вэрмахту Гайнц-Ота Фаўстэн, які ступіў на беларускую зямлю раніцай 22-га чэрвеня 1941 года, атрымаўшы ад свайго кіраўніцтва загад «абараняць Айчыну». Мы запісалі сенсацыйныя ўспаміны нямецкага ветэрана ў 2011 г. Цяпер знайшлі ў архіве і папрасілі гісторыкаў пракаментаваць іх. Ці Гітлер апярэдзіў Сталіна і нанёс прэвентыўны ўдар па Савецкім Саюзе? Разбіраліся Алесь Сіліч і Наста Ільіна.
20 гадоў кіравання Расеяй: узлёты – падзенні; моманты славы і гонару – хвіліны сораму і адчаю, і войны: Чачэнія, Грузія, Украіна, Сірыя. Але ні з кім за ўвесь час кіравання Уладзіміра Пуціна Расея не спрачалася так часта, як… з саюзнаю Беларуссю. Вынікі двух дзясяткаў гадоў суседства з пуцінскай Расеяй – у сюжэце Ігара Кулея.
У Казахстане абмяркоўваюць нечаканую адстаўку старэйшай дачкі Назарбаева, Дарыгі, з пасады старшыні Сенату. Ейны бацька, амаль васьмідзесяцігадовы лідар нацыі ўжо амаль два месяцы застаецца ў самаізаляцыі з-за каронавіруса. Адстаўку Дарыгі Назарбаевай шмат хто ўспрыняў як узмацненне другога прэзідэнта Казахстану – Касым-Жамарта Такаева. Але ёсць і тыя, хто з такой інтэрпрэтацыяй рашэння не згодны. Чаму? Высвятляў Аркадзь Несцярэнка.
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.
Калаж з фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum