Ілля Курган: «Каб я так прачытаў, не сядзеў бы тут. Згнаілі б»


«Гаворыць Мінск. Гаворыць Мінск…»Дзе б я ні ехала, дзе б я ні ішла, дзе б ні начавала за сваё доўгае жыццё, але гэтыя словы і гэты голас я памятаю, як памятае, верагодна, абсалютная большасць з вас, бо гэты голас – ці не самы вядомы голас Беларусі.Сённяшні мой госць – гэта чалавек-легенда. Чалавека такога фармату не было ў маіх «Зорах» і не будзе ніколі.

Самы вядомы голас Беларусі належыць Іллю Львовічу Кургану. Заслужаны артыст БССР, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры, сябра Саюзу тэатральных дзеячаў. З адукацыі – актор, доўгі час працаваў галоўным рэжысёрам дыктарскіх групаў на Дзяржтэлерадыё. Рэжысёр-рэпетытар і кансультант сцэнічнага маўлення ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Яго называюць «беларускім Левітанам». З 1949 года Ілля Львовіч працуе на Дзяржаўным радыё.

Ілля Львовіч, давайце пачнем з сучаснасці. Як Вы паставіліся да ўзнагароджання Святланы Алексіевіч Нобэлеўскаю прэміяй?

– Мне хочацца ўстаць. Каб не нага мая… Устаць хочацца! Бо даўно ўжо трэба было гэта зрабіць, і зрабілі, дзякуй богу. Гэта цудоўна, проста цудоўна. Колькі я яе перачытаў, мама родная… Нашыя выдатныя паэты не дайшлі да гэтага, не дачакаліся такога. Не дачакаліся, пэўна, таму, што яны па-расейску ў Нобелеўскім камітэце можа ведаюць нешта, а з беларускай можа і няма перакладаў. Яны не ведаюць, што гэта.

Вы мяркуеце, што Алексіевіч заслужыла, ці – што Беларусь заслужыла?

– Я лічу, што гэта Беларусь узнагародзілі. Мне здаецца, і тут гэта зрабілі таму, што яна апошнім часам не надта падабалася некаторым нашым кіраўнікам. Быў жа час, што і не друкавалі. Гэта нехта пастараўся: растлумачыў там, што гэта такое.

А Святлана Алексіевіч – гэта наш нацыянальны пісьменнік? І ўвогуле, нацыянальны пісьменнік якія мае мець рысы?

– Усечалавечая яна. Усечалавечыя праблемы, сапраўдныя, якія хвалююць усіх.

У сваёй апошняй кнізе яна якраз разбіралася з сіндромам савецкага чалавека, і постсавецкага – таго, што з яго выйшла. І тут немагчыма не аднесціся да Вашых успамінаў, вы пражылі вялікую частку жыцця, большую частку жыцця Вы пражылі пры Савецкім Саюзе. Што за гатунак людзей ён гадаваў?

– Гэта быў час, калі тварылі сапраўдныя, вялікія творцы, Купала, Колас. Але гэта так ціха існавала ў нас у Беларусі. Для сябе. Колькі прайшло ўсяго. Мама родная… Уявіце сабе: смешны, а мо і не смешны, мог быць і трагічны выпадак – 23 ліпеня я сядзеў на ганку свайго дому і лічыў нямецкія самалёты ў небе. Сем, здаецца, налічыў. І ганак падскокваў пада мною. А маці падлогу мыла. Вечарам мы пайшлі ў лес начаваць, проста таму, што цёпла было. Мы ж ведалі, нам казалі, што ў выпадку небяспекі нас вывезуць. Мы не баяліся. А калі з раніцы з лесу вярнуліся – на месцы дамоў дзве чорныя гары былі ўжо.

– Пачаткі вайны былі вельмі складаныя… А вярнуліся Вы з эвакуацыі ўжо каб паступіць у тэатральны інстытут? Хацелі стаць акторам?

– Я вярнуўся з эвакуацыі адзін, бо працаваў на паравозарамонтным заводзе, дык лічыўся чыгуначнік. Прыехаў бясплатна. Так, хацеў паступіць у тэатральны інстытут, нехта мне пра яго сказаў, і я паехаў.

Якім Вы заспелі Менск? Што ў ім было?

– Нічога не было наагул! Я пытаюся – дзе тэатральны інстытут? І людзей жа ж мала было. Сустрэў чалавека, якога ведаў. Выпадкова сустрэў, бо там толькі выпадкова можна было сустрэць…

Гэта быў 45-ы год? А ўжо ў 49-м Вы працавалі на радыё як дыктар.

Так, я выпадкова пачуў па радыё аб’яву, што аб’яўлены конкурс на дыктара. І пайшоў.

Вы ўжо ў інстытуце славіліся моваю?

– У інстытуце… У школе! Ужо ў школе на мяне казалі «наш патэфон». Бо калі настаўніца прыносіла новы твор, недзе ў чацвёртым, пятым класе, ставіла мяне ля дошкі, і я чытаў. Па рускай літаратуры творы, па беларускай…

– І конкурс на радыё «наш патэфон» прайшоў. І прапрацавалі Вы на радыё – гадоў сорак?

– Гадоў сорак… Чамусьці там бяруць на пасаду дыктара-практыканта, яго да мікрафону падпускаюць, але не да таго, што ідзе ў эфір.

Каб не нагаварыў лішняга?

– Ну вядома ж. Былі там і вопытныя дыктары, якія даўно працавалі – Абадоўскі, напрыклад, быў такі вядомы дыктар. І там прыслалі тэрміновую нейкую паперчыну, з ЦК, на рускай мове. Перакладаць няма калі. Нават сказалі нашыя з ЦК – давайце па-руску. Ну і я пайшоў тады прачытаў. І потым усё было ясна, што трэба яго ўключаць у працу, і даваць, даваць…Некалькі разоў імкнуўся сысці адтуль, бо ўжо з тэатрамі дамаўляўся – але не адпускалі. Тады такі закон быў, што маглі не адпусціць. І не адпускалі.

Гэта былі няпростыя часы. Цэнзура, кантроль…

– Запісвалася ўсё! Кожнае слова. Калі ты будзеш потым адмаўляцца, маўляў, я правільна прачытаў, то табе дадуць паслухаць.

Здараліся ў Вас такія сітуацыі?

– Была такая сітуацыя, што каб я не вылез з яе добра, мяне б даўно згнаілі.Дзень нараджэння Сталіна. Недзе напярэдадні ягонай канчыны амаль. І ўсе хадзілі на цыдлах, і ад таго, што хваляваліся, яшчэ болей рабілі памылак нейкіх. І вось я чытаю «Сталін і армія» (а я ж не бачыў тэксту перад тым, зноў мне далі адразу). А там жа подпісы, подпісы, рэдактараў процьма, цэнзар… «Сталін – прычына бяздольнасці нашай арміі». Уяўляеце? Я б пра гэта не гаварыў ужо. Мяне б ужо згнаілі. «Сталін – прычына баяздольнасці нашай арміі», прачытаў. Ніхто не заўважыў, чытае і чытае. Правільна прачытаў, і потым званю на першы паверх у Доме радыё: «Марыя Васільеўна!» – «Што такое?» Ну вядома, адразу ўсе пужаліся, бо мы ведалі – адразу ў машыну, калі што, а калі ўдвух, то ў розных машынах павязуць, каб паміж сабой яшчэ не перагаварылі.

Такое здаралася ў радыйным асяроддзі?

– Ну я чуў пра такое, не ведаю, я не правяраў. Але відаць, было. Але тут было б і за што… Там запісвалі ўсё, разумееце? У адным будынку. І яна прыбягае, і я паказваю ёй запіску. Яна… вось па-руску кажуць – пабляднела, але гэта не тое, яна – спалатнела. Я кажу – сядайце, сядайце, Марыя Васільеўна. Прысядзьце.

А якая ейная пасада была? Яна і была галоўным цэнзарам?

– Яна – рэдактар гэтай перадачы.

А цэнзары называліся рэдактарамі ці была асобная пасада для гэтага?

– Вядома, асобная. Вы што. Гэта літ называўся. Не цэнзар, а ЛІТ. Літ паставіў пячатку сваю – значыць, усё, можна чытаць. Можа, ад літрэдактар скарот?

Запэцкалі слова літаратура…

– Ды ўсё запэцкалі. А галоўным чынам – сябе.Ну вось, калі яна ўбачыла – яна кінулася мне на шыю: «Даражэнькі, дзякуй за дзетак маіх (я памятаю вось гэта) за дзетак маіх дзякуй…»

Ілля Львовіч, а вось гэтая байка-показка: «Нам не трэба Левітан, ёсць у нас Ілля Курган» – з чым яна звязаная?

– О… Гэта было даўно… Здаецца, Брэжнеў прыехаў да нас. Ну і вядома, пасяджэнне ганаровае… А адбылося так, што адначасова прыехаў Левітан да нас на радыё. Ён прыязджаў калі-нікалі. Відаць, нейкія справы ў яго тут былі – не ведаю. І здарылася так, што мне пазваніла з дому жонка і кажа: «Ты памятаеш, што ў цябе заўтра дзень нараджэння?» Яна баялася, што я забудуся, я ж такі быў…

І вы загулялі з Левітанам?

– Не. Але там было з кім загуляць, заўсёды было. Але здарылася так, што я прапанаваў свайму міністру, так сказаць, каб заўтрашнюю сустрэчу агучыў Левітан – кажу, вось ён у мяне тут у дыктарскай сядзіць. Яны там наверсе, відаць, параіліся, і звоняць мне – што дазволілі яму чытаць гэты тэкст. Праўда, па-беларуску ён не мог, дык дазволілі па-руску чытаць. І ён мне сказаў: ты, калі ласка, будзеш сядзець са мною. Я ж не ведаю вашай апаратуры, нічога, будзь на ўсякі выпадак. А, пропуск! У яго ж пропуску няма. Паслалі чалавека ўвечары, і ён прынёс пропуск, але нестандартны, бо ўжо закрыты быў той аддзел у КДБ. Ну і Левітан ведаў, што ў мяне дзень нараджэння, я і яго запрасіў, але ён сказаў – ну ты ж мне падкінуў такую працу…Я прыйшоў да яго ў гатэль «Мінск». Адкрываю дзверы, ён глянуў на мяне, і (я запомніў гэта) сказаў «Ого-го!».

Хто з вас быў больш негатовы да працы?

– Не, ён жа ж быў нармалёвы. Ён не піў. Ён жа ведаў, якая ў яго праца заўтра! А я – ведаў, што мне чытаць не трэба, што я яму толькі пакажу, што дзе, дзе мікрафон які. Ну, ён мне адразу лімон пачаў нейкі ў рот усоўваць, яшчэ нешта… І мы пайшлі. Недалёка было, у Палац спорту, дык пайшлі пешшу. Ішлі па праспекце нашым, потым павярнулі каля ГУМу на Леніна, да моста дайшлі. Усё было добра. Але перайшлі мост – і пачаліся гэтыя пасты, праз кожныя 50 метраў прыблізна. І мяне прапускаюць, а яго – не. У мяне такі пропуск быў «Праход – усюды». Уяўляеце? Усюды. А яму звычайны далі «Левітан», але не на тым бланку. І яго не пускаюць.

Божа мой. І гэта пасля вайны – Левітана не пускаюць? Не ведалі ці настолькі вялікі быў страх перад фармальнасцямі?

– Што Вы! Што Вы… Ніякіх адхіленняў і выключэнняў!

У выніку Вы трапілі адзін?

– Так. Я трапіў адзін туды. І што рабіць? Левітана няма. Потым я бачу – уваходзяць, расседжваюцца кіраўнікі кампартыяў, наставілі ім там крэслаў, а потым і нашыя пайшлі, ну і Брэжнеў (здаецца, Брэжнеў…). І мне трэба было прачытаць – там цэлая старонка, і на старонцы пералік гэтых кіраўнікоў кампартыяў, а прозвішчы там такія, што на цвярозую галаву не вымавіш… І падыходзіць час ужо! Я бачу, там Машэраў ужо паперкі свае раскладвае. І трэба мне чытаць ужо. А ў мяне няма гэтага тэксту! Тэкст у Левітана.Сядзіць са мною Стас, прозвішча забыўся я, наш старэйшы рэдактар, кажа: «Ілля, што рабіць?» А трэба было Левітану толькі прайсці па самым версе, над апошнім радам, ён ужо і ў будынку быў, і з тэкстам адтуль рваўся – але не пусцілі далей. І потым Толя, помню, выцягнуў з кішэні нейкія лісткі, кажа – ну ў мяне ёсць нейкі другі ці трэці экзэмпляр, і пакамечаны-пакамечаны. Стас, з якім мы ўдваіх сядзелі ў студыі, кажа: «Ну гэта ж немагчыма». Я: «Вядома, немагчыма. Але, кажу, давай на ўсякі выпадак. Дай, ну што рабіць».Я ўжо разгладжваю неяк гэтую паперу. А Левітан там рвецца – ён жа ведае, што гэта такое!Разгладзіў неяк.Стас кажа: трэба чытаць, Ілля. Уяві сабе, што адбудзецца, калі не пойдзе рэпартаж. А там – Брэжнеў, Машэраў сядзяць… І я пачаў чытаць. Рэпартаж, эфір… І запісваецца ж усё на радыё, і яшчэ ў адным месцы. Ну я некага з тых кіраўнікоў выкінуў, не ўсіх пералічыў, і толькі я сказаў: «Адкрывае першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі..» – як адтуль «Таварышы!». Машэраў пачаў прамову.Стас, што сядзеў, у яго быў там столік маленькі, і на ім мікрафон – белы. І помню – сіняя рука была. Ад хвалявання.

Што было б, каб Вы памыліліся?

– Крый Божа, я б тады, відаць, з Вамі не размаўляў сёння.

Вы пазней яшчэ шмат гадоў паралельна займаліся выкладаннем мовы ў актораў, пераважна Купалаўскага тэатру. Добрыя з іх вучні, здольныя?

– Ой, гэта вельмі складаная справа. Паверце, гэта няпроста. Гэта растлумачыць нельга. І прафесія актора складаная.

Ну ў каго ў Вас самая любімая мова на сцэне?

– Ох, так многа іх было, што і не помню ўжо… Але цяпер не працую – чатыры інфаркты ўжо было.

А якія памылкі рабілі ў асноўным?

– Ну ведаеце, калі я ім рабіў заўвагі, нават яшчэ студэнтам, яны адказвалі: «а наша ўчыцельніца казала «па-беларуску як чуецца, так і пішацца». Я гавару: «няпраўда гэта, даражэнькія мае. Няпраўда». І паказваў ім томік паэмы «Курган» з перакладамі на рускую і ўкраінскую мовы. І там на вокладцы – здымак з Купалаўскага тэксту, з рукапісу. Там, дзе ён сам пісаў і зазначаў зверху мяккія знакі. У кніжачцы – няма яго, вядома ж. А ў вымаўленні ёсць. «Сьведчыць», а не сведчыць. «Сьпярша». «Сьнег», а не снег. Не смяешся, а «сьмяесься». Адам Міцкевіч у Парыжы ў Калеж дэ Франс выступаў перад вядомымі пісьменнікамі сусветнага значэння, і гаварыў пра беларускую мову добрыя словы – што прыгожая мова.

А адкуль у Вас увогуле любоў да беларускасці? Ведаю, што Вашыя любімыя паэты – Купала ды Багдановіч, і тут у Вас з сабою зборнік Багдановіча.

– Ох, а каб Вы ведалі, колькі ў мяне ўдома! Мама родная… А надпісы якія… Ад пісьменнікаў: беларускай легендзе… А адкуль? Ну я любіў мову, відаць, як мову, а калі я зразумеў, што я не заўсёды можа гавару так, як трэба, я проста ўзяўся за гэта. Я ж хацеў у акторы. Не ведаю. І потым я начытаўся. Я столькі прачытаў…І сярод любімых – і маладыя паэты. Вось Някляеў Уладзімір. Неяк я ў больніцы ляжаў, у Лечкамісіі, мне кажуць: «да Вас прыйшлі». Ну я пайшоў. Гляджу – Някляеў стаіць. Паэт. Выдатны паэт. Кніжку мне сваю прынёс новую, вялікі зборнік…Я потым, як ён у палітыку пайшоў, так хваляваўся: думаю, ну што ён робіць? Гэта ж такая складаная справа!А ён паэт. Паэтам жа нельга навучыцца быць. Гэта нарадзіцца ім трэба…І ён гаворыць па-беларуску. Гэта ж такая мова прыгожая! Студэнт мой кажа, я яму – глянь там Джавані Вэрга, італьянскі пісьменнік, а ён: Джавані – як прыгожа! Я яму – здароў! А па-беларуску? Праменні… Натхненне… Каханне… Спяваюць не галосныя нават, зычныя спяваюць!

А які Вы далі б парады па маўленні, якія кожнаму можна ўжыць?

– Ну трэба проста пацікавіцца гэтым. Узяць кніжкі. Ёсць кніжкі, падручнікі. Гэта за чатыры гады я не паспяваю навучыць, а дзе ж тут на перадачы паспець…

Ну тады іншая просьба: прачытайце нам верш, які, я бачу, Вы падрыхтавалі тут, адчынены.

– «Жывеш не вечна чалавек, –Перажыві ж у момант век!Каб хвалявалася жыцьцё,Каб больш разгону ў ім было,Каб цераз край душы чуцьцёНя раз, ня два пайшло!Жыві і цэльнасьці шукай,Аб шыраце духоўнай дбай.І ў напружэньні паўнатыСвайго шырокага жыцьцяБяз болю, ціха зойдзеш тыЎ краіну забыцьця.»Бачыце, тут «БЯз болю», не «бЕз болю», трэба гаварыць… Трэба любіць мову…

Дзякуй вялікі, здароўя Вам і святла!Гутарыла Вольга ГардзейчыкУ афармленні матэрыяла выкарыстаны фота газеты “Культура” (kimpress.by)