Хто ва ўладзе пакрывае кантрабанду з Беларусі ў Расею? Расследаванне «Белсату»


Пра шэрыя пастаўкі санкцыйнай прадукцыі ў Расею праз Беларусь мы ўсе чулі не раз. Беларускія крэветкі сталі ўжо мемам. Тое, што ў кантрабандзе замяшаныя ўплывовыя функцыянеры, таксама даўно падазравалася. Бракавала доказаў – але цяпер яны ёсць!

Працаўнікоў мытні ў Беларусі судзяць часта і масава. Свежыя выпадкі: 2017 год – суд над ашмянскімі мытнікамі, 2018-ты – над гомельскімі. Што праўда, рэдка калі на лаве падсудных апыналіся сапраўды вялікія начальнікі мытных структураў і ніколі высокапастаўленыя чыноўнікі. Але вось на пачатку лютага затрымалі топ-менеджараў прадпрыемства «Белмытнясэрвіс» пры Дзяржаўным мытным камітэце. Ці дазволяць следчым разблытаць карупцыйны ланцужок да канца і пакараць вінаватых нягледзячы на іхныя партфелі, пагоны і сваяцкія сувязі?

Праграма «Давайце разбірацца» правяла ўласнае расследаванне і выявіла невядомыя раней кантрабандавыя схемы, пры дапамозе якіх асобныя набліжаныя да ўладаў бізнесоўцы раскрадаюць дзясяткі мільёнаў долараў з бюджэту. То бок з нашых з вамі кішэняў. Пры гэтым руйнуюць айчынны бізнес, але застаюцца недатыкальныя для сілавікоў. Наадварот, тыя, хто павінен ахоўваць дзяржаўныя інтарэсы, пакрываюць парушальнікаў.

Размытнялі яблыкі ды грушы…

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белмытнясэрвіс» – адзін з найбуйнейшых лагістычных аператараў Беларусі, з правам размытнёўкі імпартаваных тавараў. Яго галаўны офіс незаўважна месціцца ў менскім бізнес-цэнтры «Тытан», што ў мікрараёне Пятроўшчына. Працаўнікі «Белмытнясэрвісу» кажуць, што ім нічога не патлумачылі. Але адмыслова сабралі, каб забараніць любую камунікацыю на гэтую тэму з вонкавым светам.

Аналітыкі адзначаюць, што затрыманню кіраўнікоў «Белмытнясэрвісу» папярэднічала публічная пікіроўка прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Румаса і ягонага расейскага калегі Дзмітрыя Мядзведзева. Гэта здарылася на пачатку лютага на міжурадавым паседжанні краінаў Еўразійскага Саюзу ў Алматы, дзе гаворка зноў зайшла пра пастаўкі праз Беларусь у Расею прадукцыі, забароненай контрсанкцыямі Крамля.

Максім Арэшкін, міністр эканамічнага развіцця Расеі, тады паведаміў:

«Прэм’ер-міністр Беларусі паставіў пад сумнеў, што такое адбываецца. У адказ на гэта Дзмітрый Анатольевіч паказаў матэрыялы беларускаму боку з канкрэтным указаннем тавару, кампаніі, якая ў гэтым задзейнічаная».

Размова адбылася на фоне спробаў афіцыйнага Менску выгандляваць у Расеі кампенсацыю за гэтак званы падатковы манеўр і чарговую зніжку на газ пасля таго, як сёлета скончыцца дзейны кантракт.

Аналітык Андрэй Елісееў адзначае:

«Расея даволі канкрэтна і яўна выставіла свае ўмовы, што дамоўленасць пра новы пакет падтрымання Беларусі, калі Беларусь пойдзе насустрач у шэрагу сфераў. Туды можна залічыць і размяшчэнне вайсковай базы Расеі, і розныя пункты саюзнай дамовы 1999 года. Але менавіта больш эфектыўная барацьба з рээкспартам і ўзгодненая акцызная палітыка мне падаюцца тымі пунктамі малой крыві, на якія можа пайсці Менск».

«Белмытнясэрвіс» ужо раней згадваўся ў прэтэнзіях расейскага боку, але на прадпрыемстве катэгарычна адрыналі ўсе абвінавачанні. Аспрэчвалі іх і іншыя структуры, звязаныя з лагістыкаю і размытнёўкай. Нас найбольш зацікавіў акурат не дзяржаўны «Белмытнясэрвіс», а менавіта прыватныя структуры, якія працуюць у Беларусі ў гэтай галіне і якіх чамусьці праваахоўныя органы не чапаюць.

Адная такая кампанія ўсплыла яшчэ ў 2016 годзе. Тады выданне «Rise Moldova», якое ўваходзіць у тую ж расследавальніцкую сетку OCCRP, што і «Белсат», выявіла кантрабандавую схему – пастаўках у Расею праз Беларусь польскіх яблыкаў. У міжнароднай карупцыйнай схеме былі зайдзейнічаныя мытнікі, чыноўнікі ды прадпрымальнікі з Малдовы, Літвы, Беларусі і Расеі.

Уладзімір Тхорык, журналіст «Rise Moldova» распавядае:

«Сутнасць схемы была ў тым, што малдаўскія фітасанітары простаю хуткаю поштай адпраўлялі ў Літву фітасанітарныя сертыфікаты аб паходжанні прадукцыі. На падставе аднаго такога дакументу можна было ўвезці ў Беларусь 20 тонаў яблыкаў, груш – садавіны. Такіх сертыфікатаў мы налічылі каля тысячы асобнікаў».

«Рассяльгаснагляд», які пільнуе санкцыйную прадукцыю, дарэчы, не асабліва імкнуўся перашкаджаць такім схемам, кажа малдаўскі расследавальнік:

«Рассяльгаснагляд» толькі трос кулакамі. Гаварыў, што яны не дазволяць, не прапусцяць еўрапейскай прадукцыі на свой рынак пад выглядам прадукцыі з іншых краінаў. І ў «Рассяльгаснаглядзе», прынамсі паводле інфармацыі нашых крыніцаў з мытні ды са сферы брокераў, экспарцёраў, імпарцёраў, выдатна ведалі пра гэтую схему, калі пад выглядам малдаўскай у Расею праз Беларусь завозіцца польская і галандская садавіна. Яны нічога не прадпрымалі, бо самі былі ў карупцыйнай схеме».

Да такой самай высновы прыйшоў, правёўшы адмысловае даследаванне наконт нелегальнага рээкспарту, і беларускі эканамічны аналітык Андрэй Елісееў:

«Сапраўды барацьба з рээкспартам неэфектыўная. Расея ж увяла некалькі дзясяткаў мабільных групаў кантролю на мяжы з Беларуссю і Казахстанам. Гэтыя мабільныя групы спыняюць на аўтатрасах аўтамабілі, правяраюць прадукцыю. І калі яна з падробнымі сертыфікатамі, то такую санкцыйную прадукцыю разбураюць. Дык вось з усяго меркаванага аб’ёму рээкспарту доля разбуранай прадукцыі, якую злавілі, складае менш за 1 адсотак».

Дарэчы, пакуль малдаўскія чыноўнікі прадавалі сертыфікаты па тысячы еўраў, а не выдавалі бясплатна або за 10-доларавае дзяржмыта мясцовым экспарцёрам, тыя, па сутнасці, былі блакаваныя.

«Праблема для малдаўскага шараговага жыхара ад такой карупцыйнай схемы ў тым, што малдаўскія кампаніі не могуць вывозіць прадукцыю праз заблакаваны экспарт. Дзякуючы дамоўленасцям з «добрымі» мытнікамі ды кампаніямі з Беларусі. Адпаведна, прадукцыя гніе на складах, у выніку без заробку застаюцца дзясяткі тысячаў малдаўскіх фермераў», – кажа Уладзімір Тхорык, журналіст «Rise Moldova».

Журналісты гэтага выдання пад выглядам гандляроў сертыфікатамі на садавіну тады раскапалі, што ў Беларусь з Літвы кантрабандавыя польскія або галандскія яблыкі пастаўляліся не толькі ўжо засвечанай дзяржаўнай кампаніі «Белмытнясэрвіс», але і прыватнай фірме «Транспетралбалтык», зарэгістраванай у Менску.

Летась да нас звярнуўся журналіст-расследаванік галандскага выдання «De volkskrant» Том Венінк. Том расследаваў экспарт галандскіх ды бельгійскіх груш і, апытваючы ўдзельнікаў рынку, выявіў, што гэтую садавіну таксама працягваюць пастаўляць у Беларусь з падробнымі сертыфікатамі праз Літву.

«Грушы вырошчваюцца ў Нідэрландах. Потым іх завозяць у Літву. Тым часам афрыканскія ведамствы па кантролі за ежай выпускаюць сапраўдныя сертыфікаты і, як патлумачылі нашыя крыніцы, высылаюць іх дыпламатычнай поштай у Літву. Там сертыфікат атрымлівае кіроўца фуры і заязджае ў Беларусь, а потым у Расею», – кажа галандскі журналіст.

Наш тэлеканал праверыў інфармацыю галандскага выдання пры дапамозе аналізу адкрытых крыніцаў. Выявілася, што з 2014 года, калі Расея ўвяла эмбарга на еўрапейскую садавіну, Беларусь і Літва сталі 6-ым і 8-ым найбуйнейшымі ў свеце імпарцёрамі груш адпаведна.

Літва, паводле статыстыкі ААН, амаль усе завезеныя грушы экспартавала ў Беларусь. А вось звесткі Беларускага нацыянальнага статыстычнага камітэту адмаўляюць які-кольвек імпарт груш з Літвы. Затое нібыта мы імпартуем іх з афрыканскай Гвінеі. Аднак, паводле Сусветнай асацыяцыі вырошчвальнікаў яблыкаў ды груш, у названай краіне грушы не растуць.

Том Венінк паінфармаваў «Рассяльгаснагляд» пра тое, што гэтыя афрыканскія сертыфікаты – з краінаў, дзе грушы не растуць:

«Яны сказалі, што ведаюць пра тое, што садавіну правозяць незаконна з Еўразвязу ў Расею рознымі шляхамі ды што гэта – адзін са шляхоў. Але пры гэтым заявілі, што не бачаць ніякіх прычынаў спыняць грушы з афрыканскімі сертыфікатамі, бо мы, маўляў, давяраем нашым афрыканскім гандлёвым партнёрам і таму не будзем перашкаджаць увозу гэтых фураў. Хоць гэта відавочна, што тыя грушы не могуць расці ў краінах, якія ўказаныя на сертыфікатах».

Журналіст гэта тлумачыць такім чынам:

«У Расеі ёсць людзі, якія зарабляюць вялікія грошы на гэтым гандлі. Людзі, якія арганізоўваюць пастаўкі сертыфікатаў. Людзі, якія прадаюць грушы. Гэта – вельмі вялікая індустрыя. Мы даведаліся, што кожны год 70 тысячаў тонаў груш прывозяць з Нідэрландаў і Бельгіі. І гэта толькі грушы «Канферэнцыя» з дзвюх краінаў. Але схема ўжываецца таксама для ўсемагчымай іншай садавіны і гародніны. Усе ведаюць пра гэтую схему, але яе не спыняюць. Усе ведаюць, што гэта адбываецца, усе бачаць еўрапейскую прадукцыю на прылаўках, але ў расейскага ўраду яўна няма сапраўднага жадання спыніць гэта».

З выяўленых намі дэталяў вынікае цікавы нюанс. Атрымліваецца, што літоўскія мытнікі, магчыма, і не ў тэме. То бок, беларускія лагісты, падобна, вывозяць садавіну з Літвы паводле арыгінальных дакументаў, а ўжо заязджаюць у Беларусь з падробленымі. Мы пачалі шукаць іншыя неадпаведнасці паміж літоўскаю статыстыкай экспарту ды імпартам, які дэкларуе Беларусь. І выявілася, што незаконны ўвоз у Расею заходніх харчоў – толькі частка сістэматычнай кантрабанды на беларуска-літоўскай мяжы.

«Анучавыя» схемы

Напрыклад, Беларусь імпартуе штогод прыблізна на 1,5 мільярда долараў адзення. Расея – у дзясяткі разоў больш. Сярод іншага, у Турцыі для Расеі вырабляюцца такія брэнды, як «Adidas», «Zara» ды іншыя. Звычайны маршрут для турэцкага адзення ў Расею – цяжкавікамі праз Украіну. Але часам робіцца дзіўны крук!

Прайшоўшы з Турцыі Балгарыю ды Румынію, фуры з адзеннем не заварочваюць праз Украіну ў Расею, хоць гэта найбольш аптымальна паводле адлегласці. А едуць далей на поўнач праз Польшчу ў літоўскае Коўна, адтуль у Беларусь і толькі потым трапляюць да расейскага пакупніка.

Каб зразумець эканамічны сэнс такога маршруту, мы з’едзілі ў Літву і выявілі, што сакрэт – у схеме, падобнай да той, як у Расею завозіцца санкцыйнае харчаванне.

Як выявілася, у Коўне лагістычная фірма «Levisos Terminlas» выдае кіроўцам цяжкавікоў дадатковы пакет дакументаў, у якіх гаворыцца, што фура вязе не адзенне, а тканіну для фіранак. Тканіна мае значна ніжэйшую мытную стаўку і яшчэ ніжэйшую цану, з якой гэтыя мытныя стаўкі вылічваюцца.

Дзеля такога ашчаджэння і пракладаюць беларускія лагісты такія неаптымальныя, на першы погляд, маршруты. На кожнай фуры адзення, выдадзенай за тканіну, лагіст ашчаджае свайму кліенту каля 50 тысячаў долараў!

Прычым, як патлумачылі нам удзельнікі рынку, шмат у якіх выпадках гэтая прадукцыя потым вяртаецца з Расеі ў Беларусь і рэалізоўваецца на айчынным рынку.

Схема дзее гадамі, беларускі і расейскі бюджэт страчваюць дзясяткі мільёнаў долараў. Што праўда, раз-пораз расейскія мытнікі спыняюць адзін або два цяжкавікі з тысячаў.

Нам удалося трапіць на адзін такі выпадак, што здарыўся ў 2017 годзе.

У Расеі затрымалі цяжкавік. Паводле дакументаў у ім была тканіна, насамрэч – брэндавае адзенне. Масква запатрабавала, каб Менск разабраўся. У Беларусі распачаўся суд.

Вытрымка рашэння аб спагнанні мытных плацяжоў

Але асудзілі не ўласніка грузу – лагістычную кампанію «Глобалкастам», якая купляла тавар у Турцыі, размытняла яго ў Беларусі ды атрымлівала выгаду праз больш танныя мытныя плацяжы… Суд прызнаў вінаватым кіроўцу цяжкавіка і кампанію-ўласніцу машыны.

На спробы перавозніка далучыць у якасці суадказніка «Глобалкастам» патлумачылі, што, маўляў, у іх шмат грузаў і яны проста забыліся праверыць некалькі фураў. Нягледзячы на тое, што «Глобалкастам» нёс адказнасць за груз і як уласнік, і як мытнёвы агент, суддзя Гарадзенскага эканамічнага суда Марына Рослік прыняла гэтае тлумачэнне і асудзіла толькі кіроўцу і ўласніка фуры, якая везла груз.

 

Праграма «Давайце разбірацца» правяла расследаванне гэтага кейсу і выявіла, што расейская кампанія, якой «Глобалкастам» пастаўляла тавар у Расеі, – гэта звязаная з ёй структура, яе маскоўскае прадстаўніцтва, што займаецца рэалізацыяй прывезенага тавару па тамтэйшых крамах.

Атрымаўшы інфармацыю з літоўскай мытні аб фурах з адзеннем, якія адтуль выязджалі, і тых жа самых фурах, што заязджалі ў Беларусь нібыта з тканінаю, суд распачаў яшчэ некалькі крымінальных справаў аб кантрабандзе. Але судзяць, па-ранейшаму, не грузаўласніка, а кіроўцу і ўласніка транспарту.

Што ж гэта за кампанія «Глобалкастам», якая трапіўшыся на кантрабандавых схемах, адкрыта смяецца і з расейскіх мытнікаў з «Рассяльгаснаглядам», і з беларускіх сілавікоў ды судоў? Чаму тыя ёй падгульваюць? І хто астатнія ўдзельнікі схемаў?

Уласнікі «Глобалкастам» – дзве жанчыны з Украіны і Беларусі. Ніякай інфармацыі пра іх у адкрытым доступе няма, і яны падобныя да падстаўных асобаў. А вось кіраўнік гэтай кампаніі Валерый Міхайлаў мае яшчэ каля дзясятка фірмаў у Расеі. Ягоны партнёр па расейскім бізнесе – Аляксей Хатурын, былы кіраўнік будаўнічага аддзелу мытні Краснадарскага краю.

З «Глобалкастом» у суседнім офісе сядзіць яшчэ адная арганізацыя – «Брэміна Груп», чый прадстаўнік ужо памянёны «Газ Венчурэ». Уладальнікі «Газ Венчурэ» – дзве фірмы, зарэгістраваныя на Кіпры – «Мэйлен лімітэд» і «Фелорэн». Інфармацыя аб канчатковых бенефіцыярах засакрэчаная. Але кіруе «Газ Венчурэ» Вольга Палавец – тая самая, што ачольвала калісьці «Транспетрабалтык», фігуранта расследавання малдаўскай прэсы аб польскіх яблыках.

«Газ Венчурэ» – мытны прадстаўнік «Брэміна Груп». Афіцыйныя прэзентацыі абедзвюх кампаніяў у інтэрнэце – часткі аднаго вэб-сайту. Удзельнікі рынку аднагалосна кажуць, што гэта – адная група кампаніяў. «Брэміна Груп» валодаюць вельмі вядомыя ў Беларусі асобы.

Асноўная задача «Брэміна груп» – «ажыццяўленне інвестыцыйных праектаў будаўніцтва аб’ектаў лагістычнай інфраструктуры» ў Беларусі. Больш за тое, кампанія мае статус нацыянальнага аператара ў галіне мытнай і складской лагістыкі.

Узначальвае яе Васіль Дземянцей, які раней быў старшынём Дзяржаўнага мытнага камітэту, а да гэтага кіраваў Гарадзенскаю мытняй – акурат той, праз якую і ідзе ўся літоўская кантрабанда. А да гэтага Дземянцей працаваў намеснікам старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Таксама ў кіраўніцтве «Брэміна Груп» – былыя топ-менеджары «Белмытнясэрвісу».

Уладальнікі «Брэміна груп» – тры буйныя бізнесоўцы: Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў. У кожнага – па траціне ва ўстаўным фондзе. Яны займаюць адпаведна 6-ае, 17-ае і 30-ае месцы ў Топ-200 бізнесоўцаў Беларусі.

Паводле інфармацыі Tut.by, Алексін і Зайцаў даўно шчыльна звязаныя са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Лукашэнкам. Зайцаў працаваў разам з ім, а Алексін дапамагае развіваць байкерскі рух – захапленне прэзідэнцкага сына.

Як падаюць Naviny.by, Зайцаў займаецца пастаўкамі беларускай тэхнікі ў арабскія і афрыканскія краіны праз кампанію «Сохра груп» і плануе здабываць золата ў Судане і Гане. Бізнесоўца таксама называюць гаспадаром футбольнага клуба «Дынама» (Берасце).

Варабей развівае найбуйнейшую ў краіне паляўнічую гаспадарку «Чырвоны бор» і «Абсалютбанк». У сферу ягоных інтарэсаў таксама ўваходзіць гандаль нафтапрадуктамі. Кампанія бізнесоўца «Нафтабітумны завод» была заўважаная ў шэрых схемах з рээкспартам расейскіх нафтапрадуктаў.

Сярод актываў Алексіна – «МТБанк», гатэльна-рэстаранны комплекс «Сябры», завод вытворчасці мясных прадуктаў «Вялес-Міт». Ён таксама займаецца гандлем нафтапрадуктамі. Нядаўна яму даручылі развіваць у краіне сетку тытунёвых шапікаў. Апроч таго, бізнесовец плануе пабудаваць побач з Менскам тытунёвую вытворчасць.

Нядаўна ўладальнікі «Брэміна груп» з’явіліся разам з Віктарам Лукашэнкам разам публічна. Гэта адбылося ўлетку 2018 года на прэзентацыі прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша» падчас паездкі на Віцебшчыну кіраўніка краіны. Ён збіраецца надаць комплексу статус адмысловай эканамічнай зоны з шэрагам падатковых ільготаў паводле прыкладу «Вялікага каменя» пад Смалявічамі.

Адметна, што, хоць «Газ Венчурэ» і «Глобалкастам» былі зарэгістраваныя ў 2014 і 2015 гадах адпаведна, вялікія банкаўскія гарантыі кампаніям на іх для Дзяржаўнага мытнага камітэту пачалі выдавацца пасля 2016 года. Пасля масавай судовай справы над працаўнікамі Ашмянскай мытні, праз якую ідзе асноўная доля кантрабанды. То бок адзіным вынікам чысткі на мытні стала замена гульцоў, якія пад яе прыкрыццём зарабляюць на кантрабандзе.

Між тым гульцы рынку адзначаюць: частка тавару, які такія кампаніі, як «Глобалкастам», завозяць у Беларусь паводле фальшывых дэкларацыяў, а потым адпраўляюць у Расею сваім афіляваным структурам, вяртаецца потым у нашую краіну. Кошт размытнёўкі, нават з улікам дарогі, атрымліваецца прынамсі на чвэрць ніжэйшы, чым калі дэклараваць тавар паводле закону.

Што мы высветлілі. Упершыню за час існавання кантрабандавых схемаў праз Беларусь мы даказалі іх існаванне пры дапамозе рэальных дакументаў. Цярпяць ад гэтага не толькі расейскі ды беларускі бюджэты, якія недалічваюцца дзясяткаў мільёнаў долараў мытных плацяжоў, але і беларускія вытворцы, што маглі б зарабляць на пастаўках рознай прадукцыі ў Расею, але нясуць страты з прычыны коштавай канкурэнцыі з боку кантрабанды.

А зарабляюць на гэтых схемах прыватныя кампаніі, звязаныя з фігурамі ў Федэральнай мытнай службе Расеі, і бізнесоўцы, якія ўваходзяць у найбліжэйшае атачэнне Віктара Лукашэнкі, старэйшага сына кіраўніка Беларусі.

Мы паказалі, што згаданыя прыватнікі маюць імунітэт ад беларускіх сілавікоў ды судоў. Апошнія мэтанакіравана абараняюць кантрабандавы бізнес пры дапамозе маніпуляцыяў, якія мяжуюць са службоваю падробкаю. Пры гэтым нават «Рассяльгаснагляд», нягледзячы на гучную імітацыю барацьбы з кантрабандаю, як выявілася, не зацікаўлены ў рэальным спыненні гэтых схемаў.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фота вокладкі: Dmitry Astakhov/Russian Government Press Office/TASS, Mikhail Metzel/TASS