Студыя «Белсат» Хакейнае «Дынама» правяло найгоршы матч сезону


Менскае «Дынама» знішчанае на хатняй арэне. У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ «Тарпеда» з Ніжняга Ноўгараду закінула ў браму гаспадароў шэсць шайбаў. «Дынамаўцы» не адзначыліся ні разу.

У Беларусі ўсё стабільна, а вось гульні хакейнага «Дынама» стабільнасці, наадварот, бракуе. Быў адцінак, на якім «зубры» набіралі пункты ў васьмі матчах запар, але потым трапілі ў чорную паласу.

Перад прыездам у Менск ніжагародскага «Тарпеда» наш прадстаўнік у КХЛ зазнаў чатыры запар паразы, і ўсе – у асноўны час. Заўзятары патрабавалі перамог і разважалі над тым, у чым жа прычына такіх вынікаў. Заўзятары ХК «Дынама» (Менск):

«Апошні раз, калі я глядзела гульню, не было Пулькінэна. Можа, у гэтым прычына».

«Ім трэба выпрацоўваць характар пераможцаў, як мне здаецца. Таму што ўпартасць нейкая ёсць, але не хапае канцоўкі. Можа, шанцавання».

«Гэта пралік таго, хто на самым версе. Калі фармавалася каманда».

Талісман «Тарпеда» – алень, але гэтым вечарам хакеісты з Ніжняга Ноўгараду былі сапраўднымі ваўкамі, якія разрывалі абарону гаспадароў на шматкі. «Дынамаўцы» ужо пасля першага перыяду гарэлі 0:3, а да фінальнай сірэны паспелі прапусціць яшчэ столькі ж. Нехта на трыбунах крычаў «Ганьба!», а іншыя іранічна патрабавалі яшчэ закінутых шайбаў у менскую браму, здзекуючыся з разбітай ушчэнт каманды.

Кірыл Гатавец, капітан ХК «Дынама» (Менск):

«Заўзятары мелі на гэта права сёння. Калі каманда, за якую яны заўзеюць, выходзіць з такім настроем і паказвае такую жудасную гульню, то яны маюць на гэта права. Але хочацца, каб заўзятары былі з намі і ў складаныя часы, каб нас не пакідалі».

Кірыл Гатавец стаў адзіным гульцом «Дынама», які знайшоў у сабе мужнасць выйсці да журналістаў пасля гучнай паразы. Ён, як сапраўдны капітан, папрасіў прабачэння ў заўзятараў і прызнаў, што ў каманды не было ні жадання, ні настрою. Аналагічныя думкі гучалі на прэс-канферэнцыі і з вуснаў галоўнага трэнера Крэйга Ўудкрафта:

«Чамусьці гульцы не выглядаюць зацікаўленымі ў тым, каб выконваць план на матч і дамагацца станоўчага выніку. Але ў КХЛ у цябе няма выбару, ты не можаш адмовіцца гуляць, бо гэта ліга прафесіяналаў. І калі ты прафесіянал, ты мусіш выходзіць на лёд і выконваць сваю працу. Але гэта павінны рабіць усе, а не так, што адзін сваю працу выканаў, а іншы – не».

На тое, каб вывесці «зуброў» з цяперашняга аморфнага стану, Ўудкрафт мае некалькі дзён. Працяг хатняй серыі – 22-га кастрычніка. У гэты дзень «Дынама» сустрэнецца з казахстанскім «Барысам», які застаецца ў першай тройцы Усходняй канферэнцыі. Менчукі ж у сваёй Заходняй канферэнцыі апускаюцца ўсё ніжэй – цяпер яны дзясятыя.

Дзяніс Ганчарэнка belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары