Хадзіць у краму – і не фінансаваць гвалту


У праграме «Беларускі свет» даведаемся, як не фінансаваць рэжым, беларуска з Тыраны падзеліцца сакрэтамі выжывання ў сталіцы Албаніі, таксама зробім кантрольныя набыткі ў нямецкай краме, каб параўнаць кошты.

Беларус, які жыве ў Празе, прыдумаў мабільную праграму «Крама». З яе дапамогаю беларусы байкатуюць тавары кампаніяў, звязаных з рэжымам. Распавядае адзін са стваральнікаў прылады Сяргей Кастрама з Прагі:

«Мне прыйшла ідэя: калі чалавек вырашыў байкатаваць нейкія прадпрыемствы праз тое, што яны падтрымліваюць той палітычны лад, які існуе ў Беларусі, яму будзе вельмі цяжка трымаць у галаве ўсе брэнды, назвы вытворцаў, месцы, куды не трэба хадзіць. Я падумаў, што паколькі чалавек мае ў кішэні мабільны тэлефон і нейкую прыладу ў ім, то можа проста праверыць, ці выраблены той ці іншы прадукт вытворцам, якога трэба байкатаваць».

Мабільная праграма «Крама» дапамагае вызначыць, ці звязаная кампанія-вытворца з Аляксандрам Лукашэнкам або з дзяржаўнымі кампаніямі, якія ўціскаюць працаўнікоў за ўдзел у пратэстах.

«Я зрабіў базу звестак паводле тых спісаў, якія ўжо гулялі ў інтэрнэце. Даслаў сябру, сябра зрабіў прыладу. Мы яе выклалі. Працуе вельмі проста: чалавек падыходзіць да прадукту, скануе штрыхкод, і прылада выдае інфармацыю. Склалася ўражанне, што беларусы чакалі гэтую прыладу, бо 90 % водгукаў – «дзякуй, што вы гэта зрабілі», – дадае Сяргей Кастрама.

За першы тыдзень праграму спампавалі больш за 60 тысяч карыстальнікаў «Android» і «IOS 2».

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Робім набыткі ў нямецкай краме, каб параўнаць кошты.
  • Паводле албанскай традыцыі, сталыя бацькі жывуць з малодшым сынам. А як старэйшыя дзеці?

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» па аўторках а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu