Паводле генеральнага плану развіцця Гомля, зацверджанага Аляксандрам Лукашэнкам напрыканцы 2016 году, мікрараён мае паўстаць на тэрыторыі лесу. Краязнаўцы ўпэўненыя, што у 1930-я гады Народны камісарыят унутраных справаў БССР расстрэльваў там нявінных людзей. Гэтае месца часта параўноўваюць з менскімі Курапатамі.
«Калі я праводзіў даследаванне, людзі распавядалі, дзе стралялі і нават хто страляў, – распавядае грамадскі актывіст Кастусь Жукоўскі. – Ад самага пачатку Навабеліцы і ўздоўж Чарнігаўскай шашы не менш за 10 км па абодва бакі былі расстрэльныя ямы. Людзі бачылі, як стралялі, бачылі пальцы, якія вытыркаліся з зямлі, і садзілі на тых ямах лес».
Людзей адмыслова знішчалі побач з населенымі пунктамі, каб уначы было чуваць стрэлы, тлумачыць філосаф Яўген Ткач. Такім чынам трымалі ў страху тых, хто застаўся ў жывых.
Адной з ахвяраў такога расстрэлу ўдалося выжыць. Глядзіце сюжэт праграмы «Рэпартэр» (відэа вышэй).
ІА, belsat.eu