Ганна Красуліна: На кожнага беларуса распачатая справа


Пазбавіцца права жыць у Беларусі праз неаплачаны праезд? Прэс-сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна ў студыі «Размова дня» расстаўляе кропкі над «і» ў пытаннях сваёй дэпартацыі з краіны.

Патрабаванне пакінуць краіну бліжэйшым часам сталася нечаканасцю для Ганны Красулінай і не выклікае ніякіх пачуццяў, акрамя абурэння ды непаразумення: «Немагчыма такое ўявіць у цывілізаванай краіне. Гэта не лагічна, проста глупства».

Пры гэтым спадарыня Красуліна зазначае, што на ейным месцы можа апынуцца фактычна кожны беларус, бо ўлады маюць шмат рычагоў ціску на тых, хто жыве ў Беларусі.

«Кожны грамадзянін, які мае хоць нейкі ўплыў (мае грошы ці займае пасаду), падведзены, як правіла, пад крымінальную справу з добрым тэрмінам, і на кожнага дасье ляжыць. Адкуль гэтая статыстыка МУС пра тое, што 89 % грамадзянаў Рэспублікі Беларусь здзяйснялі або адміністратыўныя, або крымінальныя злачынствы? Гэта ж не ад таго, што беларусы вось такія бандыты. Бо ў культуры беларусаў закладзеная павага да законаў. Адкуль гэтыя 89 %? Гэта адмысловая палітыка дзяржавы, пры якой законы складзеныя гэтак, каб кожны падпадаў калі не пад адзін, дык пад іншы», – разважае Ганна Красуліна.

Чаму Ганна Красуліна дасюль не мае беларускага грамадзянства? Як з бізнесу трапіла ў палітыку? Куды накіруецца, калі пастановы пра дэпартацыю не ўдасца абскардзіць?

Шчырая размова Ганны Красулінай і Уладзіміра Мацкевіча – цалкам у праграме «Размова дня».