Гарачы каментар Ганна Канапацкая: Упершыню за 10 гадоў улады згадзіліся на дэфіцыт у бюджэце


6 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў адбудзецца чытанне праекту бюджэту на 2020 год. Дзякуючы дэпутатцы Палаты прадстаўнікоў Ганне Канапацкай, кожны можа азнаёміцца з гэтым дакументам. Хто ў наступным годзе атрымае больш фінансавання, а хто застанецца без падвышкі?

Ганна Канапацкая, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў:

– Якія самыя адметныя моманты бюджэту 2020 вы заўважылі перад тым, як апублікаваць гэты дакумент?

– Іх вельмі шмат! Пачнём з самага галоўнага. Упершыню за дастаткова працяглы час – практычна 10 гадоў – улады РБ згадзіліся на дэфіцыт у бюджэце, і гэты дэфіцыт практычна 2 млрд рублёў! І гэты дэфіцыт нашмат большы, чым тыя страты ад падатковага манеўру, якія адчувае на сабе РБ. І канешне ж у мяне ўзнікае пытанне, куды ж мы будзем выдаваць грошы, якіх у нас няма? І вельмі шмат пытанняў выклікаюць тыя радкі, якія фінансуюцца з мясцовага бюджэту, а таксама тыя трансферты, якія прадугледжаныя з рэспубліканскага бюджэту ў мясцовыя і ў іншыя, напрыклад, у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва…

– Бюджэт – наколькі гэта важны дакумент? Пазней бюджэт можна перарабіць? Напрыклад, ён дэфіцытны, а палепшыцца сітуацыя, і ён перастане быць дэфіцытным.

– Я думала, што я аптыміст, а Вы яшчэ большы аптыміст! Верыце ў тое, што ў Беларусі магчымы абсалютна бездэфіцытны бюджэт! Давайце не будзем лукавіць перад самымі сабою: нягледзячы на тое, што 2-3-5 гадоў таму бюджэт РБ на паперы быў бездэфіцытны, фактычна напрыканцы года рэальных грошай у бюджэце не было. […] Канешне, мы ўсе ведаем, што сёння ёсць практыка змены бюджэту РБ па ўказе прэзідэнта, але як не кажы «салодка», у роце цукар ад гэтага не з’явіцца. Таму, на жаль, мы не можам сёння казаць пра тое, што ў РБ улада стварыла ўмовы да таго, каб развівалася прадпрымальніцтва, развіваўся бізнес, і суадносна папаўняўся бюджэт…

У сваю чаргу эканаміст Вадзімам Іосубам тлумачыць, чаму пераводы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва сёлета больш, як у 2 разы большыя, чым два гады таму. І ці не асцерагацца нам далейшага падняцця пенсійнага ўзросту?

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык ALPARI:

«Палажэнне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва пагаршаецца. Звязана гэта з негатыўнымі дэмаграфічнымі і міграцыйнымі працэсамі. З аднаго боку, пастаянна расце колькасць пенсіянераў. З іншага боку, зніжаецца колькасць працаўнікоў, і таму што частка выходзіць на пенсію, і таму што частка выязджае з краіны. У выніку з году ў год падвышаецца дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны, каторы пакрываецца з бюджэту, і ў гэтых умовах цалкам магчыма, што ў найбліжэйшай будучыні, хутчэй за ўсё пасля прэзідэнцкіх выбараў, можна чакаць чарговага павышэння пенсійнага ўзросту…»

А вось эканаміст навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што абсалютна не важна, калі прымуць дзяржаўны бюджэт:

«Гэта проста фінансавы план, у які Мінфін, Саўмін, Рада міністраў, уносяць карэкціроўкіі тады, калі ім захочацца. Таму ці гэта будзе ў лістападзе Палата прадстаўнікоў 6-га склікання або 7-га – гэта абсалютна ні на што не паўплывае. Улада проста імітуе працэс народнай дыскусіі наконт гэтага бюджэту. А праўда такая, што і бюджэт папярэдні быў разлічаны на эканамічны ўзрост амаль 4 %, і гэты бюджэт таксама амаль на 3 % разлічаны, а рэчаіснасць такая, што і ў гэтым годзе, і ў наступным годзе будзе або мінус, або мінімальны плюс, там 0,01 адсотак ВУП… І ні адзін дэпутат не задасць пытанне, чаму ўрад не выконвае сваіх планаў…»

Таксама мы пацікавіліся ў жыхароў Магілёва, калі беларусы пачнуць жыць заможна?

Працяг – у сюжэце.

Ігар Кулей belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары