Галоўная інтрыга выбараў у Арменіі – другое месца


Сёння ў свеце згадваюць трагедыю ў Арменіі. 30 гадоў таму менш, чым за хвіліну стыхія знішчыла траціну краіны. Дзясяткі тысячаў загінулых і населеныя пункты, якія зніклі з твару зямлі. Спітакскі землятрус стаў адным з самых разбуральных стыхійных бедстваў ХХ стагоддзя. Праз трыццаць гадоў шматлікія пацярпелыя па-ранейшаму жывуць у часовым жыллі, што пабудавалі наспех пасля землятрусу. Рэдактар ​​«Белсату» Сяргей Пеляса, які знаходзіцца цяпер у Арменіі, распавёў пра тое, чым жыве сёння краіна, і за каго прагаласуюць армяне на пазачарговых парламенцкіх выбарах, што адбудуцца ў нядзелю.

«Галоўная інтрыга на гэтых выбарах – хто зойме другое і трэцяе месцы. У Арменіі вельмі спецыфічная выбарчая сістэма. Яна не дазваляе адной партыі забраць усе месцы. Калі блок Пашыньяна набярэ нават 99% галасоў, яны не змогуць заняць 99% месцаў. Паводле армянскай канстытуцыі, у парламенце павінна быць 30% апазіцыі. Хутчэй за ўсё, другое месца зойме «Квітнеючая Арменія» мультымільянера Гарыка Царук’яна, а трэцяе – хутчэй за ўсё, адна з новых партыяў – маладыя сацыял-дэмакраты з «Рашэння грамадзяніна» або радыкалы з «Сасна Црэр».

Фота – Марыта Бяроньска для «Белсата»