Журналісты праграмы «Маю права» зладзілі эксперымент: паведамілі працаўнікам гандлёвага цэнтру, што знайшлі чужыя грошы. Потым да справы падключылася міліцыя. Што было далей? Глядзіце відэа!
У беларускай інтэрнэт-прасторы працягваюць бурна абмяркоўваць выпадак з грашыма, знойдзенымі ў сталічным гандлёвым цэнтры «Дана Мол». Маладая жанчына трапіла пад крымінальны пераслед праз тое, што падняла згубленыя кімсьці 20 долараў і 25 рублёў. Пры гэтым уладальнік грошай напісаў заяву пра страту значна большае сумы. Жанчыну адшукалі паводле запісаў з камераў унутранага назірання. Карэспандэнты «Маю права» пастанавілі правесці эксперымент: паспрабаваць вярнуць грошы, быццам бы знойдзеныя ў адным з буйных гандлёвых цэнтраў Менску.
За прысваенне чужое маёмасці ў нашае краіне прадугледжаная крымінальная адказнасць, таму знаходкі міліцыянты разглядаюць як крадзеж.
1. Што рабіць, калі знайшоў каштоўныя рэчы?
Паведаміць прадстаўнікам улады – то бок аддзел унутраных справаў, дзе трэба напісаць заяву, што знойдзены страчаныя рэчы, каротка напісаць што. Таксама можна звярнуцца ў мясцовую адміністрацыю – сельсавет (калі гэта сельская мясцовасць), адміністрацыю раёну.
2. У які тэрмін трэба аднесці знаходку ў міліцыю?
Такі тэрмін заканадаўствам не прадугледжаны. Усе залежыць ад абставінаў, бо абставіны бываюць розныя. Але сыходзячы з тэрмінаў можна вызначыць намеры чалавека – то бок чалавек збіраўся аддаваць страчаную рэч або не.
3. Якая адказнасць за тое, што не вярнуў каштоўную рэч?
Заканадаўствам прадугледжана адказнасць адміністратыўная – арт. 10.6 КоАП, а таксама крымінальная – арт. 215.
4. Як кваліфікуюць гэткае злачынства?
Усё залежыць ад кошту. Але кошт знойдзенай рэчы перавышае 1 тыс. базавых велічынь, значыць гэта будзе крымінальная адказнасць.
5. Калі ў дачыненні да таго, хто знайшоў грошы, распачалі крымінальную справу, а ён пасля аддаў знойдзенае, то справу згорнуць?
Гэта не з’яўляецца падставай для таго, каб закрыць крымінальную справу. Бо вялікім рахунку ўсе прыкметы злачынства ёсць.
6. Чалавеку ў касе банку выдалі больш грошай, чым трэба. Ці ён адказны за гэта?
Калі чалавек спяшаўся, ён узяў грошы, паклаў у кішэнь і нават не пералічваў – тут не будзе адказнасці. Чалавека проста папросяць, каб ён вярнуў грошы.
7. Калі заўважыў пераплачанае і не вярнуў грошай?
Гэта могуць кваліфікаваць па арт. 209 Крымінальнага кодэксу – «махлярства».
8. У якіх выпадках знаходку можна пакінуць сябе?
Чалавек можа забраць сябе гэтую маёмасць у тым выпадку, калі прайшло 6 месяцаў і ўласнік гэтай маёмасці не быў знойдзены.
«Негледзячы на адказнасць паводле заканадаўства, пра што мы казалі, вельмі важны момант – чалавечыя адносіны. Таму лепш вяртаць знойдзенае. Сумленне – найлепшы кантралёр», – кажа праваабаронец Андрэй Палуда.
МЛ / МП, belsat.eu