Эксперымент Белсату: параўноўваем кошты на ежу ў Літве і Беларусі


Кошты на прадукты пастаянна растуць, але ці зрабіліся яны даражэйшыя за суседскія? Каманда эканамічнай праграмы «Асабісты капітал» пастанавіла параўнаць нашыя кошты з літоўскімі. Для эксперыменту мы набылі дзесяць звычайных беларускіх прадуктаў у звычайнай краме.

Паразважаць з намі пра беларускія прадукты пагадзілася Таццяна Пятроўна – вясёлая блогерка з Інстаграму і звычайная беларуская пенсіянерка, якая грошай на ўзвей ветру не пускае. З пенсіі чатырыста сорак рублёў добра калі палова застаецца на прадукты.

За наш набор прадуктаў мы аддалі 25 рублёў 26 капеек. Нашае ашчаджэнне Таццяна Пятроўна ўхваліла не цалкам. Каўбасу і малочныя прадукты яна б набыла іншыя – даражэйшыя, але смачнейшыя.

Калі верыць статыстыцы, беларусы выдаткоўваюць на ежу 38% сямейнага бюджэту. Жыхары Расеі ды Літвы крыху менш – 31%. Давайце паглядзім, якія ж кошты на прадукты ў Літве.

На першы погляд Літва падаецца больш дарагою краінай, чым Беларусь. Аднак сюды добра прыехаць адпачыць. А разам з тым і прывезці сыроў з цвіллю, хлеба, каўбасы, салодкага і, вядома, кавы.

Самі мясцовыя жыхары лічаць кошты ў сваіх крамах даволі высокімі. Не турбуе гэта толькі тых, у каго неблагія пенсіі ды заробкі.

Літоўская «Maxima» і нямецкі «Lidl» лічацца таннымі крамамі. Найбольш высокія кошты ў сетцы «Rimi». Самыя танныя прадукты ў крамах прадаюцца пад уласнымі гандлёвымі маркамі эканом-класу. Напрыклад, у «Maxima» гэта «Optima».

Вікторыя жыве ў Вільні 6 гадоў, працуе дызайнеркаю. І пагадзілася нам дапамагчы з выбарам прадуктаў. Кажа, што самае таннае малако ў пакетах тут каштуе 75 капеек на нашыя грошы. Але смачнейшае, відавочна, будзе даражэйшае.

Доктарская каўбаса з беларускім коштам тут таксама ёсць. Але ў яе складзе не адзначаюць долю мяса. Таму мы ўзялі тую, дзе яе акрэслілі, – 44 % свініны.

А вось на вяршковым масле ашчадзіць тут не ўдасца.

Танныя мы адмыслова ўзялі толькі тварог і яйкі. Курыца была расфасаваная адно вялікаю вагою, давялося набыць яе больш, чымся звычайна набываем у Беларусі. Бананы, мандарыны ды таматы набіралі на вока, прыблізна столькі ж, як і на радзіме.

У выніку за аналагічны беларускаму набор прадуктаў мы аддалі 11 еўраў 46 цэнтаў або 28 беларускіх рублёў. Усяго на 3 рублі больш, чымся ў Беларусі.

Гэткім чынам, масла, каўбасу і хлеб заўважна выгадней набываць у нас. Тварог, курыцу і малако мы адзначылі асобна, бо і там, і тут гэтыя прадукты можна знайсці за аднолькавыя кошты. А вось таматы ў Літве па-за канкурэнцыяй. Таннейшыя там былі і яйкі, мандарыны ды бананы.

Пасля ўвядзення бязвізу літоўцы пачалі ездзіць у Горадню ў туры выходнага дня. На горад паглядзець і набыць сёе-тое з харчоў, лекаў і касметыкі.

Але наагул, як мы выявілі, кошт тыповага харчовага кошыку ў Беларусі ды Літве прыблізна аднолькавы – 25 супраць 28 рублёў. Або за мяжою прадукты не настолькі дарагія, як здаецца, або ў нас не настолькі танныя. Разам з тым варта памятаць, што сярэдні заробак у Беларусі – 999 рублёў. А ў Літве, калі перавесці на нашыя, 1744 рублі.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • 70 гадоў жывуць як у лагеры
  • ІТ сектар расце, але на навуку грошаў няма
  • Чытаюць шмат, але не беларускае

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».