Эксперт: 25 гадоў змагаліся з карупцыяй, а яна ў святая святых дзяржавы


Крымінальны аглядальнік у эфіры «Белсату» выказаўся пра чарговую карупцыйную справу супраць чыноўнікаў.

Куды ні плюнь – паўсюль карупцыя. У судзе Ленінскага раёну Менску распачаўся працэс па справе аб карупцыі ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і Нацыянальным банку. Падсудныя – іх восем чалавек – абвінавачваюцца ў злоўжыванні ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі дзеля асабістае карысці, а таксама ў атрыманні хабару.

Справа, матэрыялы якой складаюць ажно 19 тамоў і па якой праходзяць паўсотні сведкаў, цягнецца яшчэ з канца 2016-га года, калі Камітэт дзяржбяспекі паведаміў пра раскрыццё карупцыйных схемаў «дамоўных тэндараў», за спрыянне якім, паводле версіі следства, абвінавачаныя атрымалі ў кішэню дзясяткі тысячаў долараў ЗША. Большасць падсудных сваю віну прызналі цалкам альбо часткова.

У «Гарачым каментары» – крымінальны аглядальнік Віктар Федаровіч.

«Уражанні ў мяне такія, што гэта адна з самых жудасных справаў беларускай гісторыі. Гэтую справу можна разглядаць як нейкі прамежкавы вынік амаль 25-гадовай барацьбы з карупцыяй у Беларусі. Атрымліваецца, што змагаліся, змагаліся, а карупцыя ўжо ў святой святых беларускай дзяржавы – у Нацбанку», – заявіў Віктар Федаровіч.

Фотаздымак на застаўцы да відэа forexmagnates.com