Эколаг у Студыі «Белсат» распавяла, наколькі вялікая верагоднасць аварыі на БелАЭС


Гэтымі днямі, калі ва ўсім свеце згадваюць гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, разважаем пра будучыню першай Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы, будаўніцтва якой айчынныя эколагі чарговы раз заклікаюць спыніць.

Сёння грамадскае аб’яднанне «Экадом» сумесна з партыяй «Зялёныя» і Беларускай антыядравай кампаніяй апублікавала вынікі дадатковых стрэс-тэстаў (тэстаў бяспекі) на АЭС, і яны несуцяшальныя. Размаўляем з эколагам Таццянай Новікавай.

Вы кажаце пра тое, што спалучэнне ўмоваў нізкіх тэмператураў і высокай вільготнасці, якое вядзе да абледзянення правадоў сістэмы электраперадач, можа прывесці да спантаннага адключэння Беларускай АЭС ад энергасеткі. Да чаго гэта можа прывесці?

– Гэта можа прывесці да абясточвання станцыі. Калі стрэс-тэст разглядае нейкае здарэнне, ён разглядае гэтую падзею ізалявана. Але часта так атрымліваецца, што некалькі здарэнняў накладаюцца адно на другое. Як, напрыклад, адбывалася ў Фукусіме. Там быў не толькі землятрус, але і цунамі, і абясточванне электрастанцыі ў выніку, і вадародны выбух. Таму ў сучасных падыходах разглядаюць спалучэнне магчымых здарэнняў. Таму калі такое здарэнне як абледзяненне правадоў і спантаннае адключэнне АЭС ад энергасеткі адбудзецца ў спалучэнні з іншымі здарэннямі, то мы не ведаем, чым гэта можа скончыцца. Гэта можа прывесці да складанай аварыі ў тым ліку.

Так, у БелАЭС паводле праекту-2006 прадугледжаныя розныя аварыйныя сістэмы: насосы, пасіўныя сістэмы, актыўныя сістэмы бяспекі. Але экспертыза і нашая, і еўрапейскіх рэгулятараў паказала, што і ў гэтых сістэмах ёсць праблемы. То бок часткова гэтае «наварочанае» забеспячэнне я не пабаюся гэтага слова фэйк. Бо каналы бяспекі павінныя быць дакладна падзеленыя, яны не павінныя нідзе перакрыжоўвацца. Калі ёсць перасячэнне ў нейкім вузле, гэта азначае, што калі гэты вузел выйдзе са строю, то не будзе ні першага ўзроўню (забеспячэння), ні другога, ні так званага «глыбокага эшаланіравання»…

Уся размова – у відэа.

belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / Forum