Эканаміст: «Левы папулізм Лукашэнкі ў сукупнасці з яго стылем кіравання – сумесь, якая забівае эканоміку»


У інфармацыйнай прасторы не сціхае рэха магілёўскага ваяжу Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік краіны загадаў перавесці на вайсковае становішча ўсе аграгаспадаркі, падобныя да той, што наведаў днямі. Гучыць амаль як у 1941 годзе: адступаць няма куды! Пытанне толькі ці нейкія адміністратыўныя загады здольныя выправіць сітуацыю? Запытаемся эканаміста Леаніда Злотнікава.

«Лукашэнка ўпэўнены, што калі знайсці валявога чалавека, які будзе спаўняць яго загады і праводзіць лінію жорстка, то ўсё магчыма, у краіне можна зрабіць квітнеючую эканоміку. Ён у гэтым упэўнены. Але гэтая ўпэўненасць ідзе ад яго маральных каштоўнасцяў, ад яго разумення сітуацыі. Ён ужо шмат гадоў заяўляе, што патрэбны жалезны тып кіраўніка. Але гэты стыль кіравання ўвесь час правальваецца і правальваецца, і Лукашэнка не можа зразумець, што гэта тупіковы напрамак. Гэты наіўны падыход – гэта трагедыя для Беларусі, бо перавучыць чалавека немагчыма, і шмат ёсць людзей, якія таксама так лічаць і не так добра разумеюць, як функцыянуе грамадства.

А другое, што ён намагаецца ажыццявіць, – левыя погляды: грамадская маёмасць, адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю. І ў сукупнасці левы папулізм, левыя погляды з уяўленнямі аб стылі кіравання – гэта грымучая сумесь, якая забівае нашую эканоміку і ў першую чаргу сельскую гаспадарку…»

belsat.eu