«Дзяржтэлебачанне – пляма, якую хочацца змыць»


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – выбарчая кампанія, рэпрэсіі над актывістамі і журналістамі, эпідэмія каронавірусу. Каментары пацярпелых з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Беларусы выйшлі ў ланцугі салідарнасці па ўсёй краіне. А нехта проста вяртаўся з працы, выгульваў сабаку ці ехаў на ровары. Праваахоўнікі, не называючыся і нічога не тлумачачы, затрымлівалі ўсіх. Усіх і судзяць. Дзясяткі судоў па ўсёй краіне. Як гэта, выйсці ў вячэрні горад, а трапіць у аўтазак і міліцыю, калі ніколі не меў праблемаў з законам? Распавядае жыхар сталіцы Яраслаў Баншчыкаў.

У Маладзечне пасля бойкі з міліцыяй затрымалі трох чалавек. Следчы камітэт пацвердзіў пра распачатую крымінальную справу. З падрабязнасцямі – нашая журналістка Наста Кахановіч з Маладзечна.

А тым часам беларусы замежжа выйшлі на акцыі салідарнасці ў розных краінах пад беларускія амбасады. Найбольш людзей было ў Варшаве – больш за тысячу чалавек.

Словы пакаяння пачалі гучаць ад некаторых былых і цяперашніх працаўнікоў дзяржаўнага тэлебачання. Былая журналістка «СТВ» Надзея Бука ў нашым эфіры звяртаецца да сумлення сваіх былых калегаў. Гучаць словы салідарнасці і з вуснаў некаторых спартоўцаў. Таксама – парады праваабаронцы Валянціна Стэфановіча тым, хто трапіў пад рэпрэсіі і не ведае, што рабіць. Запрашае Сяргей Падсасонны.

Таксама не забывайце пісаць нам: belsat@gmail.com.