«Дзяржава павінная дапамагаць людзям у цяжкім становішчы. А яна пераводзіць у стан асацыяльных элементаў»


Смерць ад безвыходнасці. Сёння стала вядома пра самагубства, якое ўчыніў пацыент Гомельскай гарадской больніцы №1 яшчэ 14 снежня. У гэты вечар жыхара Жлобінскага раёну 1957-га года нараджэння выпісалі з апёкавага аддзялення, куды ён трапіў пасля таго, як у пажары згарэў яго дом. Ужо сталаму мужчыне папросту не было куды ісці. Як распавялі журналістам у больніцы, у часе абеду мужчына пайшоў у прыбіральню і доўга адтуль не выходзіў. Пазней мужчыну знайшлі там павешаным.

Андрэй Толчын, журналіст:

«Складана высвятляць абставіны, бо сітуацыя сумная, лекары хвалююцца за свае месцы. Там ідзе інфармацыйны вакуум. Лекары зрабілі ўсё, што было магчыма, каб чалавек жыў, і яны гэта зрабілі. І вось чалавек адзін застаўся, калі трэба было выходзіць. Нават лякарня трымала гэтага чалавека, каб ён мог утрымацца. Але чалавек застаўся сам-насам з гэтай праблемай, ніхто не працягнуў яму руку, таму ён зрабіў крок у бездань, скончыў з жыццём.

Там былі вельмі складаныя адносіны сярод сваякоў, ён застаўся сам-насам. У Гомлі гэта не першы выпадак, калі людзі такім чынам сыходзяць з жыцця, таму што дзяржава не выконвае свае функцыі сацыяльнае падтрымкі.

Як былы чыноўнік скажу, што павінныя былі быць спецыяльныя службы, якія аказваюць псіхалагічную дапамогу людзям у такім стане. Гэта раз. Чалавек павінен ведаць куды звярнуцца. Па-другое, павінен быць патранаж над гэтымі людзьмі. І па-трэцяе, дзяржава павінная быць сябрам і дапамагаць сем’ям, людзям, якія такім чынам апынуліся ў вельмі цяжкім неабароненым сацыяльным становішчы. А яна ў нас карае, проста пераводзіць у стан асацыяльных элементаў…»

belsat.eu