Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – выбарчая кампанія, рэпрэсіі над актывістамі і журналістамі, эпідэмія каронавірусу. Каментары пацярпелых з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.
Каронавірус: у Пінску памерла медсястра
Новая ахвяра каронавіруса сярод медычнага персаналу. У Пінскай ЦРБ памерла 54-гадовая медсястра Наталля Карлюк. Жанчына працавала ў цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі. Пра пацверджаны станоўчы вынік тэсту на COVID-19 у медсястры медыям распавяла ейная дачка Кацярына.
Родныя спрабавалі арганізаваць перавоз Наталлі ў адзін са шпіталяў Менску, аднак кабета была ў кепскім стане, з двухбаковай пнеўманіяй пад апаратам штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Беларусь атрымае $ 1,7 млн ад ЗША
Злучаныя Штаты Амерыкі вылучылі Менску 1 мільён 700 тысяч долараў на барацьбу з каронавірусам. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША. Сродкі мусяць быць выкарыстаныя на фінансаванне лабараторыяў, узмацненне эпідэміялагічнага нагляду і павелічэння колькасці тэставання на COVID-19. Апрача Беларусі, дапамогу на барацьбу з каронавірусам ад ЗША атрымаюць Украіна, Узбекістан, Азербайджан, Грузія ды іншыя краіны постсавецкай прасторы.
Еўракамісар: стасункі ЕЗ і Беларусі паляпшаюцца
Падчас пандэміі каронавіруснай інфекцыі Беларусь дэманструе зусім іншы падыход у дачыненнях з Еўрапейскім Звязам. Гэткім меркаваннем падзяліўся еўракамісар у пытаннях суседства і пашырэння Олівэр Варгеі. Паводле еўрапейскага чыноўніка, афіцыйны Менск мае гістарычную магчымасць, цытата, «пераламіць сітуацыю і развіць станоўчы імпульс» у дачыненнях з Бруселем. Як прыклад – зварот Беларусі па фінансавую дапамогу для барацьбы з эканамічнымі наступствамі пандэміі, якую Менск атрымае пасля дамоваў з Міжнародным валютным фондам.
Раней Еўразвяз заяўляў аб гатовасці вылучыць Беларусі 60 мільёнаў еўраў для барацьбы з каронавіруснай інфекцыяй – што праўда, толькі пасля выканання Менскам рэкамендацыяў Сусветнай арганізацыі здароўя.
Калаж з фота: Thomas Kierok-Projekt “ONE” / Laif / Forum