Свет «Доналд Трамп ідзе не ў нагу з усім светам»


Еўразвязу варта спадзявацца толькі на сябе, тым больш пакуль ля стырна ЗША стаіць Доналд Трамп. Так канцлерка Нямеччыны падсумавала вынікі саміту «Вялікай сямёркі», дзе прэзідэнт ЗША вызначыўся сваімі паводзінамі ды рашэннямі ў разрэз з большасцю лідараў.

Лідары краінаў «Вялікай сямёркі» прыходзяць у сябе пасля саміту. Абʼяднанне перажывае не найлепшыя часы, і Еўразвязу нельга цалкам спадзявацца на ЗША ў развязанні глабальных пытанняў. Да такой высновы прыйшла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

«Часы, калі мы маглі цалкам разлічваць на іншых, у пэўнай ступені прайшлі. Я адчула гэта ў апошнія некалькі дзён і магу сказаць, што мы, еўрапейцы, мусім узяць свой лёс у свае рукі», – кажа канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.

Паводле экспертаў, да такіх высноваў Мэркель падштурхнулі паводзіны Доналда Трампа, які на саміце «Вялікай сямёркі» не падтрымаў пазіцыі абсалютнай большасці краінаў у тым ліку ў кліматычным пытанні. За што атрымаў хвалю крытыкі не толькі ад палітыкаў, але і ад экспертаў.

«Стала відавочна, што Доналд Трамп ідзе не ў нагу з усім светам. У пытаннях клімату ён не згаджаўся з іншымі краінамі, якія зразумелі, што абарона клімату стварае шмат працоўных месцаў», – кажа Табіяс Мюнхмаер з нямецкага «Greenpeace».

Адсутнасць хоць якіх-небудзь саступак да Парыжскіх кліматычных рашэнняў 2015 года была не адзінаю падставаю для абмеркавання паводзінаў прэзідэнта ЗША. Трамп не прапускаў магчымасці прадэманстраваць сваё грэблівае стаўленне да іншых лідараў. Ён не стаў слухаць выступ італьянскага прэмʼер-міністра Паўлё Джэнтылёні, нават не надзеўшы навушнікаў з перакладам.

«Пытанне пра змяненне клімату ёсць адным з самых важных пытанняў, і пасля дыскусіі шэсць краінаў з(ь) сямі пацвярджаюць сваю прыхільнасць да Парыжскіх пагадненняў. Злучаныя Штаты ўсё яшчэ застаюцца на стадыі абмеркавання і аналізу сваёй палітыкі ў гэтай галіне», – кажа прэмʼер-міністр Італіі Паўлё Джэнтылёні.

Сам Доналд Трамп удзел у саміце «Вялікай сямёркі» ацаніў пазітыўна. Зрэшты, у пытанні барацьбы з тэрарызмам ніякіх разыходжанняў не ўзнікла. У пытаннях Сірыі, Паўночнай Карэі, а таксама санкцыяў супраць Расеі ўсе ўдзельнікі прытрымліваліся аднолькавых меркаванняў.

«Я заклікаў да гарантавання большай бяспекі і супрацы ў пытаннях, якія датычаць тэрарызму, іміграцыі ды міграцыі для абароны нашых грамадзянаў. Ад Саудаўскай Аравіі да Ізраілю, НАТО, да «Вялікай сямёркі». Мы дамагліся незвычайных поспехаў у гэтай паездцы», – кажа Доналд Трамп.

На саміце НАТО Доналд Трамп гэтак жа вызначыўся дэманстрацыяй сілы, груба адштурхнуўшы прэмʼер-міністра Чарнагорыі Душко Маркавіча ў момант расстаноўкі ўдзельнікаў для супольнага фота.

Паводзіны прэзідэнта ЗША аналізавалі шматлікія амерыканскія медыі. Газета The Washington Post назвала інцыдэнт «нацыянальнаю ганьбаю». Іншыя медыі адзначылі дэманстратыўна халодны прыём, які Доналд Трамп падрыхтаваў сваім саюзнікам па НАТО. Зрэшты, Трамп і не хавае сваёй незадаволенасці тым, што Злучаныя Штаты ёсць асноўнымі донарамі альянсу, ды патрабуе ад іншых лідараў павялічыць выдаткі на абарону да 2-х адсоткаў ВУП – што адпавядала б першапачатковым дамоўленасцям краінаў – чальцоў НАТО.

Ігар Віняўскі, «Белсат»; фота – REUTERS

Глядзі таксама
Каментары