Доналд Трамп анансаваў «Вялікі дзень»


Доналд Трамп анансуе «вялікі дзень». А да чарговых рашэнняў новага прэзідэнта прыглядаюцца як амерыканцы, гэтак і ўвесь свет. А тым часам вакол фігуры адыёзнага лідара не згасаюць скандалы. І адной з крыніцаў у справаздачы аб кампрамаце на Трампа названы беларус.

Чорны дзень для Амерыкі, паводле пратэстоўцаў. Але «вялікі дзень», паводле Доналда Трампа, які кажа пра значныя змены. Адна з іх мае датычыць аднаўлення будовы нафтаправоду з Канадай.

«Мы мусім пайсці ў іншым кірунку. Кірунку чысціні ды аднаўлення, што захавае жыццё на нашай планеце», – кажуць пратэстоўцы.

«Цяпер дакладна вядома, што яны збіраюцца ісці далей. Гэта непакоіць. Але мы будзем стаяць тут цвёрда», – кажа яшчэ адзін мітынговец.

Раздзелы, што датычаць экалогіі, ужо зніклі з сайту Белага дому. Трамп анансуе выйсце з дамовы пра забруджванне паветра, якую падпісалі 200 краінаў летась. Але гэта не адзіная магчымая змена. Тут і гучна вядомы мур на мяжы з Мексікай, і рэвалюцыя ў гандлі з Кітаем, і зняцце абмежаванняў здабычы выкапняў, і пытанні бяспекі ўнутры Злучаных Штатаў. Канкрэтыкі, што праўда, няшмат, але новы прэзідэнт піша з захапленнем пра будаванне вялікае Амерыкі на сваім «Тўітэры».

«Вялікі дзень плануецца заўтра ў пытаннях нацыянальнае бяспекі. Апроч шматлікіх іншых рэчаў, мы збудуем мур».

Але некаторыя бачаць у дзеяннях Трампа мур не ад Мексікі, а ад дэмакратыі.

«Трамп кажа, што ад трох да пяці мільёнаў чалавек галасавалі нелегальна. Гэта небяспечна, бо ён дае пасыл кіроўным рэспубліканцам, каб ісці ў кірунку падаўлення выбарнікаў. Вялікі палітычны і дэмакратычны крызіс, з якім мы сутыкаемся цяпер, не мае прычыны ў махлярствах на выбарах. Гэта выключна падаўленне выбарнікаў», – кажа сенатар Бэрнард Сэндэрз.

А выбарнікі пратэстуюць. Хоць Трамп ім кажа, што трэба было галасаваць, каб цяпер не пратэставаць. Што толькі падлівае алею ў агонь.

«Я называю яго галоўным драпежнікам. І я кажу – мы ніколі не прымем яго. Ніколі не мусім яго легітымізаваць. Ён не атрымаў большасці амерыканскіх галасоў. Гэта было на выбарах, у якія ўмяшаліся замежнікі, Расея. Было вельмі шмат ілжывае інфармацыі. Яго ніколі нельга ўзаконьваць», – сказала акторка і актывістка Джэйн Фонда.

Застаецца пад пытаннем скандал пра кампрамат на Трампа. Расейскія спецслужбы нібыта маюць відэа з маскоўскага гатэлю, дзе Трамп бавіўся з прастытуткамі. «Wall Street Journal» піша, што частка інфармацыі пра сувязі Трампа з Расеяй магла зыходзіць ад нарадзінца Беларусі, а цяпер прэзідэнта Расейска-амерыканскае гандлёвае палаты з ЗША Сяргея Міліана. Сам Трамп называў гэтую інфармацыю хлуснёю. За што атакуе тэлеканал CNN, які падаваў навіну. Прэзідэнт піша на «Тўітэры».

«Віншую тэлеканал «Fox News» за першае месца ў інаўгурацыйных рэйтынгах. Яны былі значна вышэйшыя за ілжывыя навіны CNN – людзі не дурні».

І менавіта таму таксама не толькі прыглядаюцца да дзеянняў новага прэзідэнта, але і кажуць ім сваё рашучае «не».

Сяргей Падсасонны belsat.eu