Добрыя грошы за лаяльнасць: колькі зарабілі выбарчыя камісіі?


Прэзідэнцкія выбары будуць каштаваць бюджэту краіны не менш за 10 мільёнаў долараў. Як і мінулыя парламенцкія. З іх 8 мільёнаў заплацяць тым, хто лічыць галасы. Кожнаму ад 30 да 840 долараў. Падрахуем, колькі зарабілі на мінулых выбарах чальцы выбарчых камісіяў ды даведаемся, хто ж гэтыя людзі.

Лідзія Ярмошына прызнавалася, што старшыні ўчастковых камісіяў за 30 дзён выбараў зарабляюць 880 рублёў «чыстымі» кожны. Старшыням акруговых выбаркамаў за 60 дзён працы плацяць 1770 рублёў. Шараговыя чальцы атрымліваюць па-рознаму, у залежнасці ад адпрацаваных дзён.

«За працу ў дзень выбараў атрымаюць на рукі каля 69 рублёў», – кажа старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Плюс – працоўны заробак, які захоўваецца ва ўсе дні сядзення ў камісіі. Выходзяць вельмі неблагія грошы за няпыльную працу. Але толькі для сваіх.

«Мне заплацілі, я не памятаю, можа, 70–80 даляраў у эквіваленце за ўвесь перыяд», – Зміцер Каспяровіч, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі БНФ.

Зміцер трапіў у склад акруговай выбарчай камісіі на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. У ягоныя абавязкі ўваходзіла час ад часу дзяжурыць у Менгарвыканкаме і сачыць за выкананнем заканадаўства ва ўчастковых камісіях.

«Мая калега па Белай Русі разумела гэта як «сцяг павінен вісець неяк правільна, урны стаяць на нейкай адлегласці», – распавядае Зміцер. – Я ж узяў правяраць пратаколы, колькі людзей прагаласавала датэрмінова, і параўнаў з журналамі, дзе стаяць подпісы людзей, якія прагаласавалі».

Лічбы розніліся разоў у пяць. І гэтак на ўсіх участках Савецкага раёну Менску. Але ж звычайна чальцы выбарчых камісіяў носу ў гэта не сунуць.

«Хто там у гэтай камісіі? Два генералы, нейкія адстаўнікі, пенсіянеры, такі ўзрост…» – згадвае Зміцер.

Hавiны
Міністр адукацыі пра датэрміновае галасаванне студэнтаў: Няма нічога дрэннага
2019.12.22 18:16

Сёлета ў кампанію трапілі толькі 12 прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці ў краіне. У Менску – ніводнага. Вольга прысутнічала на адным з пасяджэнняў, дзе фармавалі выбарчыя камісіі.

«Па кожнай кандыдатуры галасавалі, і не ўваходзілі толькі прадстаўнікі, якіх вылучалі мы. Вось яны галасуюць за астатніх: Асацыяцыя шматдзетных сем’яў, Беларуская аграрная партыя, Партыя працы – ну то бок у іх быў спіс загадзя падрыхтаваны, за каго трэба галасаваць», – апавядае былая кандыдатка ў дэпутаты Вольга Кавалькова.

Толькі на першы погляд абіралі людзей незалежных, ад розных партыяў і арганізацыяў.

«Яны ведаюць адзін аднаго добра, у іх стасункі на ты», – заўважае Любоў Кавальчук, назіральніца на выбарчым участку № 427.

Пачуўшы ад старшыні камісіі фразу «Не вучыце нас лічыць, мы ўжо не першы раз на выбарах», Любоў зацікавілася: а каторы раз? І пашукаўшы прозвішчы чальцоў у сацыяльных сетках, у інтэрнэце, пабачыла, што ўсе яны працуюць у адной установе. І выбары для іх – звыклая справа.

«Калі паглядзець у інтэрнэце, то сапраўды, тыя ж самыя фаміліі – цягам трох-чатырох выбараў. Могуць аднаго памяняць, напрыклад, а большасць – тая самая», – кажа назіральніца.

Аб’ектыў
Паслявыбарчыя рэпрэсіі: затрыманні, суды і штрафы да 1225 рублёў
2019.12.02 22:43

Прааналізаваўшы спісы выбарчых камісіяў, блогер Мікалай Маслоўскі высветліў: гэтак паўсюль! Большасць чальцоў тэрытарыяльных участкаў працуюць разам. І кантралюе кожнага непасрэдны кіраўнік з працы.

Вы добрасумленна плаціце падаткі? Тады віншуем: працу выбарчых камісіяў аплацілі менавіта вы. Тры рублі кожны. Проста падарылі, бо мы не можам спытаць з камісіяў за якасць іхнай працы. І хутка падорым нашыя грошы чарговы раз – падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Новыя нормы спажывання вады: як чыноўнікі блытаюць сляды
  • Як працуецца Дзеду Марозу і Снягурачцы
  • На што скардзіліся беларусы ў 2019-м

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».