Гарачы каментар «Для большасці беларусаў гэта была трагедыя». Гісторык пра ўз’яднанне Беларусі ў 1939 годзе


Роўна 80 гадоў таму, 17 верасня 1939 года, савецкая армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь. У Польшчы гэтыя падзеі называюць акупацыяй усходніх зямель, у Савецкім Саюзе называлі вызваленчым паходам Чырвонай Арміі. А як на гэта глядзець беларускімі вачыма, як ацаніць тыя падзеі з нашага пункту гледжання? Размаўляем з беларускім гісторыкам Алесем Смаленчуком.

– Што тыя падзеі прынеслі беларусам, а таксама нашым суседзям палякам, якія жылі на нашай зямлі? Ці можна ўвогуле адназначна ацаніць тыя падзеі?

– Вельмі складана даваць адназначную ацэнку гэтай падзеі. Я буду казаць з беларускага пункту погляду ў першую чаргу. Безумоўна, гэта была вельмі важная падзея для нацыянальнай гісторыі. І калі ў нацыянальна-дзяржаўным дыскурсе казаць пра гэта – узʼядналася беларуская зямля, абсалютна несправядліва, злачынна падзеленая ў 20-21-м годзе. Безумоўна, гэта вялікая падзея. І ў прынцыпе сённяшняя Беларусь больш менш знаходзіцца ў межах той, узʼяднанай Беларусі. Мы фактычна ўвайшлі ў тыя межы, у якіх дзяржава Беларусь знаходзіцца.

Але з іншага боку, як гэта адбылося? Якім чынам? Згадаць злачынны пакт Молатава-Рыбентропа, дакладней казаць хіба Гітлера-Сталіна, якім пачынаецца Другая сусветная вайна. Для Беларусі гэта безумоўна важная падзея, якая стала пачаткам Другой сусветнай вайны, якую развязваюць Гітлер і Сталін. Зараз усё яшчэ мала гавораць пра адказнасць СССР у развязванні гэтай вайны. А падзеі 17 верасня паказваюць, што адказнасць велізарная. Не было б гэтага пакту Молатава-Рыбентропа, не было б тайных сакрэтных пратаколаў, гісторыя магла б пайсці па-іншаму. І можа, тая б вайна і выбухнула, але неяк па-іншаму, у іншы час, і менш людзей бы загінула.

Ну і для мяне вельмі важна, гаворачы пра ацэнку гэтай падзеі, тое, што помняць людзі. Я здаўна займаюся вуснай гісторыяй, між іншым, я і беларускі онлайн Архіў вуснай гісторыі сабралі велізарны комплекс матэрыялаў, вусных успамінаў пра 1939 год. І для большасці беларусаў праваслаўных, каталікоў – гэта была трагедыя. І тут асабліва ўспрыняцце гэтай падзеі ў памяці беларусаў не адрозніваецца ад успрыняцця палякаў…

Працяг размовы – у сюжэце.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары