Дашкевіч: Міліцыянты пачынаюць спагадна ставіцца да бел-чырвона-белага сцягу


У «Гарачым каментары» – адзін з арганізатараў акцыі «Праспект нацыянальнага сцягу» Зміцер Дашкевіч.

«Я мяркую, што гэта была вельмі пазітыўная і натхняльная акцыя. Каля пяцідзесяці сцягоў, магчыма, трохі больш, мы раздалі. Шмат мінакоў вітала, шмат аўтаў дагэтуль сігналяць. Што можна было зрабіць лепш, дык гэта сшыць больш сцягоў. Асабіста я не чакаў, што так шмат людзей прыйдзе», – падзяліўся ўражаннямі адразу пасля акцыі Зміцер Дашкевіч.

Здзіўленне ў яго выклікала, што каля траціны ўдзельнікаў акцыі былі новыя людзі, пераважна маладзёны.

«Яшчэ мяне натхняе, што нават супрацоўнікі (міліцыі) пачынаюць неяк больш спагадна ставіцца. Я да іх падыходжу, пытаюся: «Ці будзеце прысягаць пад бел-чырвона-белым сцягам?» У адказ па-беларуску: «А вы пэўныя, што ён вернецца?» «Пэўны!» – кажу. Хістаюць галовамі. І зазначу, што сёння не было складзена ніводнага пратаколу на ўдзельніка акцыі, што таксама зʼяўляецца пэўным сведчаннем, што ёсць гэтая магчымасць, такі калідор, у межах якога мы можам дзейнічаць і пашыраць прастору свабоду ў Беларусі», – заявіў Зміцер Дашкевіч.

Суразмоўца «Белсату» патлумачыў, чаму праваахоўнікі паводзілі сябе менавіта так:

«Тое, што сілавыя структуры больш лагодна рэагуюць, мяркую, сведчыць, што ў сённяшняга рэжыму ёсць разуменне: калі Расея сюды прыйдзе ўжо канкрэтна пад расейскім сцягам, адзінымі абаронцамі Беларусі будуць патрыёты. Тыя, якіх 20 гадоў пераследавалі».