Да 100 еўраў у дзень зарабляюць махляры на хворых дзецях. Міліцыя бяздзейнічае


За дзень людзі, якія збіраюць міласціну з фотаздымкамі хворых дзяцей, зарабляюць каля 30 рублёў, а бывае – і 100 еўра. Пра гэта яны самі распавялі аўтарцы новага выдання «Людскіх справаў» Ганне Галёце. Найчасцей гэтыя грошы не даходзяць па прызначэнні.

Яўгенія Багданоўская-Іванцова выхоўвае дзіця з ДЦП. На лячэнне яе дачкі Сашы ашуканцы неаднаразова збіралі грошы. Наша гераіня лавіла іх за руку, пісала заявы ў міліцыю, але так нічога і не дамаглася. «Дзякуючы» беларускаму заканадаўству, пакараць вулічных махляроў амаль немагчыма, бо складана сабраць доказную базу.

Яшчэ адзін герой праграмы Максім не ўтойвае, што з працягнутаю рукою сядзіць не ўпершыню. Варта было нам затрымацца каля мужчыны на некалькі хвілінаў, як да яго паспяшаўся чалавек:

«Шчыра, я яго выцягнуў з такога месца, як «Падворак». Ведаеце, што гэта такое? Не? Вось я вам раскажу. Там ад праваслаўнай царквы, 35 кіламетраў ад Менску. Там працуеш, цябе кормяць за гэта, апранаць не апранаюць, гэта я вам адразу кажу. Я яго адтуль выцягнуў, ад праваслаўнай царквы», – казаў мужчына, які прадставіўся нам Дзімаю.

Афіцыйна прасіць міласціну ў нашай краіне не забаронена. Іншая справа, калі за маскаю чалавека, які трапіў у бяду, хаваецца махляр. Колькі хворых дзяцей павінна памерці, каб ашуканцы зніклі з нашых вуліц?

Вядоўца Алесь Залеўскі ў студыі разважае на тэму вулічнага махлярства з Ганнай Галётай, якая не адзін год займаецца гэтай тэмай, і вулічным музыкам Ігарам Пятрэнкам. Ён каля сямі год зарабляе, граючы ў падземных пераходах. Часта ягоныя калегі па вуліцы – людзі, якія збіраюць грошы, прыкрываючыся жалоснымі паперкамі пра цяжка хворых дзяцей.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» глядзіце тут:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A», а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram. Самае цікавае чытайце ў канале Telegram.