Асабісты капітал Чыноўнікі людзям: Праблемы няма, а вас не існуе


Дамагчыся рамонту дому ў нашай краіне – справа не аднаго года. Адзін дом у Менску, напрыклад, дамагаўся рамонту 17 гадоў. Але рана піць шампанскае, нават калі будаўнікі прыняліся за працу. Заўсёды трэба быць гатовымі да непрыемных сюрпрызаў.

Кааператыўны дом 49 на вуліцы Мірашнічэнка месціцца на ўскрайку Менску, побач з Курапатамі. Ён стаіць на прыгорку, і яго добра відаць з кальцавой дарогі. Тое, што бачна здалёк, камунальнікі часам фарбуюць. А што толькі для жыхароў, як гэты восьмы пад’езд, – не чапаюць дзесяцігоддзямі.

Дамы побач ужо адрамантаваныя, таму менчукі вырашылі ўратаваць і сваё жытло ад разбурэння. Актывісты склалі спіс праблемаў дому, сабралі подпісы і звярнуліся ў жыллёва-эксплуатацыйнае ўпраўленне Савецкага раёну. Спадзяваліся на хуткі рамонт. Аднак у адказе ўпраўлення сцвярджалася, што праблемаў у жыхароў няма.

«Факты, выкладзеныя ў звароце, не пацвердзіліся. Подпісы i прозвішчы жыхароў не адпавядаюць рэчаіснасці. Скаргаў, названых у звароце, жыхары жылога дому 49 на вуліцы Мірашнічэнка не маюць», – зачытвае адказ на зварот жыхарка дому Вольга Дудо.

Жыхароў абвінавацілі ў хлусні. Маўляў, на сутыках панэляў дому насамрэч няма слядоў карозіі арматуры, бетонныя канструкцыі не разбураюцца, арматура жалезабетонных панэляў аркі не тырчыць вонкі, а ўцяпленне не патрэбнае. Аднак кожнаму, хто падыходзіць блізка да будынку, відавочныя шматлікія праблемы: карозія і разбурэнне бачныя простым вокам. Але ў графік капрамонтаў на найбліжэйшыя гады гэты будынак не занесены.

А вось дом на праспекце Незалежнасці ў Менску 17 гадоў дабіваўся рамонту. І сёлета дамогся. Яшчэ ў 2001 годзе жыхарам абвесцілі, што рамонт будзе. Аднак з мадэрнізацыяй – на яго прыбудуюць тры дадатковыя паверхі. На такую перабудову трэба атрымаць згоду ўсіх жыхароў, якой, відавочна, не было. Таму людзі пайшлі ў суд, чым сарвалі дзяржаве эксперыментальную праграму мансардавага будаўніцтва.

«Нам сказалі, што вы ніколі ні пры якіх абставінах не атрымаеце капітальнага рамонту, пакуль не пагодзіцеся на надбудову. І людзей шантажавалі», – узгадвае Наталля Ермаловіч, жыхарка дому на пр. Незалежнасці.

Але жыхары не здаліся. Яны далучылі архітэктараў і абгрунтавалі, што дом ёсць часткай адзінага ансамблю малапавярховай забудовы, які трэба захаваць у першапачатковым выглядзе. І ў гэтым красавіку нарэшце да іх прыйшлі будаўнікі. Але за іхнаю працай таксама даводзіцца сачыць – бо праект капрамонту зрабілі са шматлікімі памылкамі, якія цяпер уплываюць на працэс рамонту.

Наталля лічыць, што чакаць ад камунальных службаў ініцыятывы ў рамонце бессэнсоўна – дамы хутчэй разбурацца. Трэба браць справу ў свае рукі. Самім адсочваць усе хібы ў доме, пакідаць заявы ў службе 115 і быць настойлівымі.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Праядаем заначкі: беларусы сталі менш ашчаджаць і больш выдаткоўваць
  • Жыццё на вёсцы даражэйшае за гарадское
  • Колькі зарабляе беларускае кіно?

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Глядзі таксама
Каментары