Яўгенія Капітонава прапрацавала ў мясцовым калгасе 40 гадоў. Ферму раптоўна закрылі ў 2019 годзе, да гэтага часу на тэрыторыі можна пабачыць падрыхтаванае на зіму сена.
«Да закрыцця тут утрымлівалася 120 кароў у кароўніку і каля 300 – у цялятніках. Цялятнікі – добрыя, крэпкія будынкі. Людзі працавалі, – распавядае спадарыня Яўгенія. – Цялят вывезлі на іншыя ўчасткі. А людзі засталіся без працы».
Людміла Вішнеўская паскардзілася, што ў іхнай вёсцы няма аніякай працы. Жанчына ва ўсім вінаваціць кіраўніцтва, маўляў, гэта яно губіць вёску.
«Трэба 24 км ехаць у Слуцк або 14 км у вёску Вясея, каб адшукаць хоць нейкую працу», – кажа спадарыня Людміла.
Наракае яна і на медычнае абслугоўванне ў Амговічах. Раней тут была амбулаторыя, але яе рэарганізавалі ў фельчарскі пункт – доктар прымае адзін раз на тыдзень.
Мясцовая крама пакуль працуе, але ёсць пагроза закрыцця.
«Людзі прыходзяць, адзінае – няма плацежаздольнасці ў людзей. Няма грошай», – кажа прадавачка Алена Баразенка.
Перасоўнае паштовае аддзяленне прыязджае ў вёску штодня, але людзі не задаволеныя такімі паслугамі. На абслугоўванні перасоўнае пошты – 24 вёскі.
«Можа і камп’ютар завіснуць. Прастаіш гадзіну або паўтары і пойдзеш дахаты ні з чым», – распавяла нам Ірына Пенясь.
Карэспандэнт «Маю права» патэлефанаваў старшыні Сорагскага сельскага выканаўчага камітэту, каб даведацца: чаму ў Амговічах зачыненыя практычна ўсе сацыяльна важныя абʼекты? Чыноўнік вялікай праблемы ў гэтым не бачыць.
«Што значыць «закрываюць усё»? Ну як вось закрываюць? Пошту закрылі, і што, ніякіх газетаў не возяць, нічога не возяць? Перасоўная ж пошта ёсць. Усе, хто выпісвае нешта, усе ўсё атрымліваюць. Я лічу, што ніякіх праблемаў няма», – кажа старшыня Соргаскага выканкаму Адам Жэнжэўскі.
Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім параіла жыхарам канкрэтныя крокі, якія дапамогуць захаваць іхную родную вёску:
«Звярнуцца з адпаведным лістом найперш да кіраўніцтва вобласці – гэта да старшыні Менскага аблвыканкаму Турчына. І таксама накіраваць свой зварот да старшыні абласнога савету дэпутатаў. Таксама жыхары могуць падняць пытанне, што б да іх прыехала адмысловая камісія».
Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.