Чым выбары ў Беларусі падобныя да выбараў у Паўночнай Карэі?


300 грамаў ежы на дзень не спыняе запалу жыхароў Паўночнай Карэі, якія напярэдадні галасавалі за «народных дэпутатаў» Вярхоўнага народнага сходу КНДР. Падлік галасоў працягваецца, аднак ужо цяпер няма сумневу, што пераможа Працоўная партыя, якую ачольвае Кім Чэн Ын. Свята выбараў са стоадсоткавай яўкай і стоадсоткавым падтрыманнем без альтэрнатывы.

«Я зрабіла вялікі ўнёсак у будучыню нашай сацыялістычнай айчыны, дзе кожны чалавек датычны да справаў краіны», – кажа Кім Су Хянг, жыхарка Пхеньяну.

«Я прыйшла сюды на шчаслівае галасаванне, каб выканаць свой патрыятычны абавязак. Маё сэрца поўнае гонару і шчасця, што я грамадзянка нашай рэспублікі і мы маем такога паважанага лідара», – гаворыць Кім Ок, жыхарка Пхеньяну.

Падрабязней пра тое, як у Паўночнай Карэі праходзяць выбары, распавядае Яўген Красулін, кандыдат гістарычных навук, спецыяліст у нееўрапейскіх цывілізацыях:

«Па Канстытуцыі ўсе абавязаныя прыняць удзел у галасаванні, у бюлетэнях толькі адно прозвішча, адпаведна чалавек можа ці прагаласаваць за гэтага кандыдата, ці супраць яго. Прычым калі ён галасуе супраць яго, ён мусіць гэта зрабіць адкрыта, то бок не ў кабінцы для галасавання, а прадэманстраваць сваю нязгоду з гэтым кандыдатам…»

А чым гэтак падобныя выбары ў Паўночнай Карэі ды беларускіх? Пытанне адрасуем палітолагу Сяргею Нікалюку:

«Нашыя выбары адрозніваюцца тым, што Карэя – таталітарная краіна, а мы аўтарытарная. Галоўнае адрозненне з пункту гледжання выбару заключаецца ў тым, што там дзеецца актыўная мабілізацыя насельніцтва. Насельніцтва ўзбуджанае, і яно ідзе галасаваць, усведамляючы сабе, што выконвае свой доўг. У Беларусі ж, асабліва выбары мясцовага ўзроўню, парламенцкія і мясцовыя, праводзяцца, як сказаў некалі Аляксандр Рыгоравіч, «у нудным рэжыме». Звярніце ўвагу, у нас няма ніякай афіцыйнай агітацыі. У лепшым выпадку дзяржаўныя СМІ кажуць: ЦВК сабраўся, ЦВК прыняў гэткія рашэнні і г.д…»

З чым можна параўнаць выбары ў Беларусі? Што яны нагадваюць? Адказваюць жыхары Пінску.

belsat.eu