Чэмпіянат па тэнісе на інвалідных вазках упершыню прайшоў у Беларусі


У канцы мінулага тыдня ў Менску прайшоў чэмпіянат Беларусі па тэнісе сярод вазочнікаў. У свеце гэты від спорту развіваецца яшчэ з 1970-х гадоў, а ў 1988-м была створаная Міжнародная федэрацыя. Праз 4 гады медалі ў тэнісе на вазках разыгралі на Паралімпійскіх гульнях у Барсэлоне. Нашыя вазочнікі ўжо даўно бралі ўдзел у спаборніцтвах за межамі краіны, а вось свайго хатняга турніру дасюль не мелі.

Алена Бярновіч, пераможца чэмпіянату Беларусі па тэнісе на вазках:

«Наш найбольш улюбёны турнір – «Vilnius Open». Туды мы ездзім ужо з 2014 года. Таксама сёлета я ездзіла ў Харкаў, летась увосень у Маскву. А цяпер на канцы жніўня зноў планую ехаць у Вільню».

Аднак цяпер у календары беларускіх тэнісістаў-вазочнікаў з’явіўся і турнір на роднай зямлі. Планавалася, што першы чэмпіянат Беларусі будзе адкрытым (на яго прыедуць і госці з замежжа), але ў выніку за ўзнагароды змагаліся выключна нашыя суайчыннікі. У жанчын перамога дасталася Алене Бярновіч, а мужчынскую сетку выгуляў Арцём Ярмак:

«Турнір быў не горшы за міжнародныя. Хіба што не стае на фінальных матчах бол-боеў, цяжка ў такое надвор’е ездзіць за мячамі. У мінулыя дні надворʼе было хмарнае, мы трэнаваліся на закрытых кортах. А сёння на фінал выпала такое надворʼе. Рукі стамляюцца, сам знемагаеш, спёка цісне… Але матч атрымаўся як на арэлях, ніхто не хацеў саступаць, таму крута!»

Развіццём тэнісу на вазках у Беларусі займаецца Настасся Шляпцова. Дзяўчына вядзе не толькі арганізатарскую працу, яна сама трэнуе людзей з інваліднасцю:

«Цяпер я арганізатарка, асноўны дзеяч гэтага кірунку, трэнер, аднак, ёсць шмат тых, хто мне дапамагае. Без іх я б не справілася. Фінансаванне нам аказвае і тэнісная федэрацыя, і Паралімпійскі камітэт. Спартовы клуб «Yestoday» дае нам базу для трэнаванняў. Але, вядома, мы заўсёды будзем радыя любой дапамозе. Наш від спорту мусіць прайсці яшчэ вельмі шмат стадыяў, каб дасягнуць найвышэйшага ўзроўню. Але, думаю, мы маем усе магчымасці для таго, каб гэта зрабіць».

Праўда, пакуль беларускія тэнісісты-вазочнікі маюць цяжкасці з рэгулярным наведваннем спаборніцтваў. Пераможца Чэмпіянату Беларусі па тэнісе на вазках Алена Бярновіч кажа, што для падтрымання добрай формы трэба гуляць нашмат часцей:

«Мы наведвалі толькі два-тры турніры на год. Гэтага абсалютна недастаткова, каб падтрымліваць добры прафесійны ўзровень. (…) За мяжой у сярэднім спартоўцы наведваць ад дзесяці турніраў на год. У нас гэта максімум тры, ды і тое гэта было аднойчы. (…) У прынцыпе, апроч тэніснай федэрацыі, падтрымання ў нас няма».

Вазочнікі гуляюць у тэніс на стандартных кортах. Мячы і ракеткі таксама самыя звычайныя. А вось штодзённы вазок для гульні не пасуе – спартоўцы рухаюцца па пляцоўцы ў мадыфікаваным варыянце.

«Вазкі робяць у нас у Беларусі. Магчыма купіць спартовыя вазкі, вырабленыя за мяжой, але там неверагодныя сумы – кошт пачынаецца ад 2500 долараў і можа даходзіць да 5 тысячаў. У нас ёсць два прадпрымальнікі, якія могуць зрабіць спартовы вазок. Чым адрозніваецца? Спартовы вазок для кожнага падбіраецца індывідуальна. Падбіраецца шырыня, вага, габарыты, развал-сыходжанне колаў. На звычайным вазку гуляць немагчыма», – тлумачыць пераможца Чэмпіянату Беларусі па тэнісе на вазках Арцём Ярмак.

Ёсць істотнае адрозненне і ў правілах гульні. Калі ў традыцыйным тэнісе дапускаецца толькі адзін адскок мяча ад корту, то ў вазочнікаў іх можа быць два, прычым другі – за межамі пляцоўкі.

Тэніс на вазках – чарговы прыклад таго, што людзі з інваліднасцю могуць весці паўнавартаснае жыццё і дасягаць вяршыняў у розных сферах пры наяўнасці жадання і сілы волі. Калі дадаць да гэтых якасцяў добрае фінансаванне, хто ведае, можа праз пэўны час нашыя вазочнікі будуць змагацца за медалі і на Паралімпіядах.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu