Былы дзяржслужачы: Бяжы, Аляксандр Рыгоравіч, ля дзвярэй стаяць тыя, што цябе вынесуць!


Лукашэнкаўцы задумаліся пра… амаладжэнне. Пра сур’ёзны намер амаладзіць кадравы рэзерв краіны заявіла кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава. Паводле рэкамендацыяў старшыняў абласных ды іншых выканкамаў мае быць створаная база перспектыўных маладых людзей, якія маглі б працаваць у дзяржаўных органах.

«Я для сябе зрабіла выразную выснову, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек. Гэта адказнае стаўленне да той справы, якую яму даручылі; ён павінен быць сумленным і прыстойным ды ўмець працаваць з людзьмі, ставіцца да іх па-добраму. Сёння ён старшыня райвыканкаму. Але ён ужо папрацаваў намеснікам. Мы бачылі, як ён умее працаваць з людзьмі, прымаць рашэнні, браць на сябе адказнасць», – кажа Наталля Качанава, кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта.

З намі на відэасувязі з Менску былы працаўнік Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Пласкавіцкі:

«Апарат абнаўляецца рэгулярна, але падаюць гэта пад новым соусам: то гавораць, што скарачаюць, то гавораць, што амалоджваюць. Я глядзеў гэтую перадачу на АНТ. Стварае незвычайнае ўражанне! Мужчына, падобны да графа Дракулы, і дамачка, падобная да графіні Баторы, казалі: НАМ ПАТРЭБНАЯ НОВАЯ КРОЎ! Цікава, ці маліліся на ноч беларусы, каб такое глядзець? […]

Я сёння для сябе палічыў: з 12 вышэйшых службовых асобаў – практычна ўсе пенсіянеры. А тры непенсіянеры – у перадпенсійным узросце. І сярэдні век гэтых вышэйшых службовых асобаў – 62,5 гады. Так, наш апарат рэгулярна абнаўляецца, амалоджваецца, але, калі паглядзець, што сталася за апошнія 24 гады, то будзе зразумела, што пасля ўсіх гэтых амалоджванняў апарат станавіўся толькі старэйшым ды старэйшым. Доўгатэрміновая тэндэнцыя такая: разам з нашым прэзідэнтам старэе і дзяржапарат. Каб дзяржапарат амаладзіўся, для гэтага павінен у першую чаргу галава дзяржавы на сябе прымерыць тыя меркі, якія ён прымярае на іншых. […]

Калі б мяне цяпер спытаў прэзідэнт, я б яму сказаў: Бяжы, Аляксандр Рыгоравіч, ужо ля дзвярэй стаяць тыя, што цябе вынесуць!»

Працяг размовы – у сюжэце.

Фота: Mikhail Metzel / TASS / FORUM