Былога міліцыянта забралі на Акрэсціна


Дзмітрый Дзмітрыеў служыў у сістэме МУС 17 гадоў. Каля дзесяці гадоў таму сышоў у адстаўку ў званні падпалкоўніка. Цяпер ён працуе ахоўнікам у банку і займаецца валанцёрскаю дзейнасцю. Гэтым жніўнем яму давялося вельмі часта сустракацца з былымі калегамі.

Спадар Дзмітрый увечары 09.08.2020 разам з іншымі выбарнікамі прыйшоў на свой выбарчы ўчастак, які месціўся ў сталічнай школе №69, каб азнаёміцца з вынікамі галасавання. Людзі чакалі, калі ўчастковая камісія абвесціць вынікі галасавання.

«Старшыня камісіі спрабавала пакінуць будынак школы праз запасны выхад. Аднак людзі перагарадзілі выхад і сталі патрабаваць выніковы пратакол, – распавядае былы міліцыянт. – Замест таго, вось праз гэтую браму да нас прыбеглі амапаўцы».

Мaю прaвa
Мужчына пайшоў у краму – яго ледзь не застрэлілі
2020.09.18 20:05

Дзмітрыя па затрыманні моцна ўдарылі па вуху, заламалі рукі і ў пазіцыі «галавою ў зямлі» адвялі ў аўтобус. Разам з іншымі затрыманымі нашага героя адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў па вуліцы Акрэсціна. Там усіх паставілі тварам да сцяны.

«Хто паварочваў галаву ў бок адразу атрымліваў удар дручком. Пасля нас усіх загналі ў камеры. У камеры разлічанай на чатыры асобы знаходзілася 22 затрыманых. Цягам трох содняў нас фактычна не кармілі», – распавядае Дзмітрый.

У гэткіх умовах мужчына правёў чацвёра содняў. Пасля яго, як і іншых, перавезлі ў Слуцкі лячэбна-працоўны прафілакторый. У жнівеньскія падзеі ўстанову прыстасавалі для ўтрымання пратэстоўцаў, бо, у ізалятарах Менску і Жодзіна не хапала месцаў для тысячаў затрыманых.

«У Слуцку я прабыў менш за содні, як мяне раптоўна адпусцілі, хаця суд пакараў мяне 13 соднямі адміністратыўнага арышту. Калі я выйшаў на волю, то абскардзіў судовую пастанову і суддзя замяніла мне 13 содняў, на ўжо адседжаныя пяць», – кажа Дзмітрыеў.

Але пастанова аб адміністратыўным правапарушэнні адмененая не была. Мы пацікавіліся ў праваабаронцы Насты Лойкі, што рабіць у гэткіх выпадках?

«Гэтую пастанову можна абскардзіць далей працэдурай нагляднага абскарджання – чалавек мусіць звярнуцца да старшыні Менскага гарадскога суда і, нават, калі застанецца без зменаў – можна звярнуцца ў Вярхоўны суд. Чалавек ужо не ўдзельнічае ў разглядзе гэтых працэсаў – гэта працэдура дыстанцыйная: па пошце будуць прыходзіць меркаванні суду. Таксама, потым, можна звяртацца ў Камітэт правоў чалавека пры ААН».

Падзеі, якія адбыліся са Дзмітрыевым, цалкам памянялі ягонае стаўленне да былых калегаў.

«Для мене, як для былога працаўніка міліцыі, такая сітуацыя стала шокам. Мне стала абсалютна зразумела, што ў краіне не толькі парушаецца закон – ён у ёй адсутнічае ў прынцыпе», – падкрэсліў падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Прадпрымальнікі губляюць грошы і кліентаў праз абмежаванне інтэрнэту
  • Парады экспертаў, як абыйсці блакаванне і атрымаць кампенсацыю
  • Зарганізаваныя курсы першай медычнай дапамогі

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.