«Брудная» справа ўладаў. Расследаванне «Белсату»


Ачышчальныя сістэмы не мяняліся паўстагоддзя, нафтаперапрацоўчыя і жывёльныя адкіды льюцца ў рэкі. У праграме «Давайце разбірацца» высвятляем, як улады забруджваюць беларускія рэкі.

Іван Чабоцька – жыхар вёскі Каменка, што ў Наваградскім раёне, на захадзе Беларусі. Не так даўно, каб схадзіць на рыбалку, яму дастаткова было прайсці некалькі крокаў – ад хаты да мясцовае ракі Негрымоўка. Ён і ягоныя суседзі былі сярод першых, хто заўважыў лакальную прыкмету пагрозы нацыянальнага маштабу, пра якую ўжо даўно б’юць у званы ў кулуарах урадавых кабінетаў беларускай і еўрапейскіх сталіцаў:

«У нашай рэчцы раней вадзілася фарэль. Гэта крынічная вада. Яна выцякае з-за наваградскага ўзгорку. У нас крынічка. І была вада чысцейшая. Я вырас на гэтай рэчцы. Я піў ваду з гэтай рэчкі. Цяпер у ёй немагчыма рукі памыць. У рэчцы нічога жывога няма. Ні рыбы. Ні бору. Нічога няма».

У суседнім Лідскім раёне такая самая гісторыю пра раку Дзітву, што, як і згаданая Негрымоўка, таксама ўпадае ў Нёман. Мясцовы актывіст Юрась Дашук агучыў праблему:

«Там былі тоны дохлай рыбы. Нават людзі знаходзілі баброў мёртвых».

Масавы мор рыбы ўжо непасрэдна ў Нёмне сёлета ўлетку адбыўся для бальшыні беларусаў незаўважна – на фоне выбарчае кампаніі. Але гэтую навіну сур’ёзна ўспрынялі ў Літве. Афіцыйная Вільня падрыхтавала на адрас Менску дыпламатычную ноту.

На літоўскім баку паказнікі не сягалі крытычнага ўзроўню. Беларускі бок тут жа назваў гэта прыроднай з’явай. Маўляў, анамальная спёка. Вада сапраўды апынулася на пару градусаў цяплейшаю за норму.

Мы праверылі архіў надвор’я ў Горадні ды Вільні: напярэдадні мору тэмпература паветра ўдзень апускалася ў абодвух гарадах да +14 °С. За дзень да гэтага было па +19 °С. 15-га, калі трывогу забілі медыі, пацяплела да +20 °С. Пра якую ж анамальную спёку вядзецца гаворка?

 

За тыдзень да мору і праз тыдзень пасля яго бывала і пад 30 цяпла. Але нават калі прыняць афіцыйную версію ўладаў Беларусі – быццам ва ўсім вінаватая спёка – то як патлумачыць, што пры аднолькавым надвор’і ў абедзвюх краінах рыба пачала масава гінуць толькі ў Горадні?

Пры масавым выкідзе ў раку атруты яна асядае на дно яшчэ некалькі дзясяткаў кіламетраў, адкуль працягвае пакрысе рассмоктвацца па наваколлі. Калі дапусціць, што да мору ў Горадні спрычынілася атрута вады, то наколькі ж моцным мусіў быць выкід, каб прыкметы забруджвання выявіліся праз больш як 100 кіламетраў – ажно ля самай Літвы? Дырэктар кампаніі «РадалітАква» Дзмітрый Станкевіч тлумачыць:

«Ёсць рэчывы, якія цяжка перапрацоўваюцца: іх канцэнтрацыя не будзе падаць дастаткова на працяглай адлегласці. Рэчывы, што цяжка перапрацоўваюцца, як фенол, фармальдэгід, з нафтаперапрацоўчых заводаў могуць выносіцца вельмі далёка. Больш за 100 км. Цяжка раскладальныя рэчывы могуць захоўвацца на вельмі вялікай адлегласці. І іх можна адсачыць праз тое, што адбылося нейкае крытычнае адхіленне ад крайне дапушчальнае канцэнтрацыі».

Годам раней, калі мор рыбы здарыўся ў рацэ Дзітва, што ў Лідскім раёне, улады таксама афіцыйна сцвярджалі, што гэта прыродная з’ява. Пры асабістай сустрэчы нас у гэтым запэўніваў і кіраўнік ачышчальных прыстасаванняў Лідскай ЖКГ:

Журналіст: Вы скідваеце ваду ў Дзітву?

ЖКГ: Не.

Журналіст: А хто тады?

ЖКГ: Гэта прыродная з’ява.

Вада, што злівае ў раку ЖКГ, пасля апрацоўвання гэткая чыстая, што ў ёй можна купацца, сцвярджаў нам мясцовы начальнік і прапаноўваў зладзіць неяк туды экскурсію. Мы вельмі сумняваліся, што яна адбудзецца, таму пазней прабраліся да ачышчальных прыстасаванняў самыя.

Выявілася, што вада з іх сцякае падземнаю трубою да калодзежа, дзе разбаўляецца магутнай брунатнай плынню з моцным пахам неачышчаных фекалій.

Каб высветліць, куды сцякае смярдзючая вадкасць, мы пусцілі праз падземную трубу пластыкавую бутэльку, паклаўшы ў яе для абазначэння паперку з надпісам. Прыкладна праз гадзіну гэтая бутэлька выскачыла з трубы, што тырчэла з берагу Дзітвы – акурат у тым месцы, дзе мясцовыя жыхары знайшлі крыніцу едкага паху і мору рыбы, што ўлады спісвалі на спякотнае надвор’е.

Мы тады набралі з Дзітвы пробы гэтае смярдзючае вады, але аналізы зрабіць не змаглі. Выявілася, што набраць трэба было не менш за чатыры літры. Таму меркаваць пра яе ачышчанасць можна толькі паводле жоўта-брунатнага колеру. Затое сёлета, калі мы прыехалі браць пробы вады ў Наваградку, на месцы зліву нібыта ачышчанае вады з мясцовай ЖКГ, мы ўжо набралі яе з запасам. Вынікі пацвердзілі песімістычныя асцярогі мясцовых жыхароў: «Уладам, магчыма, так выгадна, што цячэ ды цячэ. Экалогія… Каму баліць галава за зямлю?».

Перавышэнне нормы ў нафтапрадуктах – удвая з лішкам. Норма хімічнага спажывання кіслароду, што паказвае на ўтрыманне ў вадзе хімікатаў, перавышаная ў 6 разоў. Што да паказніку біялагічнага спажывання кіслароду – гэта бактэрыі, напрыклад – кішэчныя палачкі, – тут перавышэнне нормы амаль васьміразовае. Нітрытаў, што спрычыняюцца да сардэчных і страўнікавых расстройствах, у вадзе ўтрая больш за норму. Цвёрдых іншародных часцінак – у 12 разоў больш, чым мае быць.

 

 

Мы скіраваліся па тлумачэнні ў Наваградскую ЖКГ. Дырэктара не было на месцы, таму звярнуліся да галоўнага інжынера.

Наваградская ЖКГ: Сітуацыя з ачышчальнымі прыстасаваннямі ў нас, скажам так… мелася б быць лепшаю. Ёсць пэўныя праблемы. А скажыце, вас сюды нехта запрасіў, накіраваў або самі? Як вы сюды трапілі ў перыяд пандэміі?

Журналіст: Па сутнасці будзеце адказваць?

Наваградская ЖКГ: Па сутнасці – што мне сказаць? Ачышчальныя працуюць у штатным рэжыме, усё наяўнае абсталяванне задзейнічанае, тэхналагічны ланцужок. Якое там ёсць… механічнае ачышчэнне, біялагічнае ачышчэнне, другаснае ачышчэнне, ачышчэнне ў біяпрудах – усё ажыццяўляецца ў адпаведнасці з тэхналагічным цыклам нашым.

Галоўны інжынер спярша адмаўляў рэгулярнае забруджванне. Маўляў, экстраныя сітуацыі, калі і бываюць, то гады ў рады.

Журналіст: Адкуль перавышэнне ў дзясяткі разоў? У нафтапрадуктах, БСК, ХСК?

Наваградская ЖКГ: Перавышэнні ў нас часам здараюцца, калі ад прадпрыемстваў прамысловасці гораду адбываюцца залпавыя скіды. Залпавыя некантраляваныя скіды з перавышэннем.

Але потым прызнаў, што асноўная праблема ў тым, што, па-першае, ачышчальныя прыстасаванні не былі разлічаныя на дзейныя аб’ёмы выкідаў, а па-другое, ужо даўно выпрацавалі свой запраграмаваны рэсурс.

Журналіст: А ці даўно паўстаюць такія рэгулярныя праблемы з ачышчэннем?

Наваградская ЖКГ: Праблемы пачаліся, калі людзі пачалі эканоміць ваду, калі з’явіліся масава гэтыя сінтэтычныя мыйныя рэчывы. Здымаеце. Навошта здымаеце?

Журналіст: Гадоў дзесяць?

Наваградская ЖКГ: Недзе так.

Журналіст: Чыё фінансаванне павінна ісці?

Наваградская ЖКГ: Таварышы, вы мне задаяце пытанні, вось так увайшлі і задаяце, я не падрыхтаваўся. Пытанні, якія хтосьці з кімсьці абмяркоўваў на міждзяржаўным узроўні. Навошта вы мне задаяце пытанні? Па-першае, я не ўпаўнаважаны на іх адказваць. Я і так шмат нагаварыў.

Журналіст: Калі ў вас у апошні раз мадэрнізаваліся ачышчальныя сістэмы?

Наваградская ЖКГ: У нас мадэрнізацыю ачышчальных збудаванняў з 1976 года яшчэ не праводзілі.

За дзень да таго як мы хадзілі ў Наваградскую ЖКГ, Лідская міжраённая лабараторыя аналітычнага кантролю прэзентавала жыхарам Наваградчыны ўласныя вынікі аналізу мясцовых водаў, якія яна пасля шматмесячных зваротаў урэшце зрабіла, калі выявілася, што па пробы прыязджалі журналісты.

 

Аналізы Лідскае інспекцыі таксама паказалі перавышэнне нормаў паводле шэрагу ключавых паказнікаў, але сціплейшыя, чымся тое, што зафіксавала для нас незалежная лабараторыя.

Наваградская ЖКГ: Ёсць сёння дамоўленасць, паўночная экалагічная фінансавая кампанія. Адтуль грошы, тут ужо першаснае абследаванне, ужо распрацаваны бізнес-праект. Трэба тэрмінова мадэрнізаваць ачышчальныя збудаванні з улікам новых умоваў. Вады пачалі браць менш, мыйных пачалі больш. І таму так. Я магу завесці вас туды, калі мне ўзгодніць начальства, і паказаць, як там усё ідзе. І вы пабачыце, што нічога міма касы, міма ачышчальных, не ідзе. Таму што скідванне неачышчаных сцёкавых водаў – гэта сёння наўпроставая дарога куды? У турагу.

Магчыма, перавышэнне, выяўленае лідскаю інспекцыяй, – больш дакладнае, сумневы ў нас выклікае той факт, што мы ўжо лавілі лідскія ўлады на фальсіфікацыі вынікаў забруджвання. Гаворка пра 2018 год, калі тамтэйшыя жыхары скардзіліся на моцны пах у яшчэ адным прытоку Нёмну – рацэ Жыжма, што цячэ каля мясцовага свінакомплексу, адкуль і сцякалі забруджаныя вадкасці. Дзмітрый Станкевіч, дырэктар кампаніі «РадалітАква», тлумачыць:

«Рэзкі пах вызначаецца недастатковай колькасцю кіслароду. Усе дрэнныя пахі – гэта пах аміяку».

Пасля нашага матэрыялу пра гэтую праблему туды прыехалі не толькі раённыя, але і абласныя экалагічныя ўлады і заявілі, што хімічны аналіз водаў не выявіў аніякіх перавышэнняў нормаў.

 

Тады мы здабылі афіцыйныя, але неапублікаваныя вынікі аналізу, якія паказалі, што насамрэч перавышэнні былі, прычым – у шмат дзясяткаў разоў.

Каментар Лідскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў:

«Лідская міжраённая лабараторыя аналітычнага кантролю адносна выяўленага інспекцыяй факту забруджвання гноевымі сцёкамі ад свінакомплексу паведамляе наступнае: зафіксаванае перавышэнне фонавых канцэнтратаў БПК у 29,04 раза, узважаныя рэчывы – у 3,14 раза, ХПКCr – у 8,29 раза, амонію іону (у пераліку на N) – у 260,55 раза, фасфат іону – у 305,5 раза». Пастанова ад 9.08.2017 «Аб парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства».

Дарэчы, жывёлагадоўчыя комплексы і сельская гаспадарка ўвогуле, робяць не менш шкоды водам, чым камунальныя сцёкі. Гэтак, на забруджваннях неаднаразова лавілі малочныя прадпрыемствы, распавядае эколаг Наталля Парэчына:

«Небяспека сцёкавых водаў малочных прадпрыемстваў складаецца ў тым, што сцёкавыя воды з утрыманнем сыроваткі маюць павышаную кіслотнасць. І, трапляючы ў прыродны вадаём, яны змяняюць узровень кіслотнасці ў гэтым вадаёме. Любыя жывыя арганізмы, пачынаючы ад простых і заканчваючы рыбамі ці нават чалавекам, прыстасаваныя да вызначанага ўзроўню кіслотнасці вады. Калі гэты ўзровень змяняецца, вада робіцца больш кіслаю – гэта вельмі дрэнна адбіваецца, аж да згубы жывых арганізмаў і рыбы, і ў чалавека гэта можа таксама моцна адбіцца на стане скуры. У людзей-алергікаў магчымыя алергічныя рэакцыі, гэта даволі сур’ёзная праблема».

Неачышчаныя адкіды сельгасвытворчасці атручваюць і пітную ваду. Мы ўзялі замер вады імгненным тэстам на нітраты ў калодзежы каля вёскі Коматава, усё ля таго ж Нёмну ў Гарадзенскай вобласці, разам з кіраўніком арганізацыі «Экаманіторынг» у Гарадзенскай вобласці, Яўгенам Філімонавым:

«Колер паволі становіцца ружовым. Утрыманне нітратаў, нітрытаў. Ужо бачу, што тут перавышэнне».

Перавышэнне нітратаў – у 10 разоў. Прычына – тая ж, што і ў Наваградку, і ў Лідзе – састарэлыя ачышчальныя сістэмы.

Яўген Філімонаў: Вы гаспадар ачышчальных?

Працаўнік фермы: Ну.

Яўген Філімонаў: І як вам тут жывецца? Папахвае?

Працаўнік фермы: Вядома.

Яўген Філімонаў: Я аналізы вады бяру з студняў у суседстве. Толькі што рабіў аналіз у крыніцы вось там, унізе. Дзесяціразовае падвышэнне нітратаў бачым. Нітраты з крыніцы.

Працаўнік фермы: А ў калодзежы?

Яўген Філімонаў: Цяпер паеду. Летась рабіў аналіз, былі двухразовыя перавышэнні. Нітраты з вашае гаспадаркі. Колькі гадоў?

Працаўнік фермы: Ужо 50 гадоў гэтыя ачышчальныя стаяць. Калі не больш.

Яўген Філімонаў: Можа, іх трэба рэканструяваць як-небудзь?

Працаўнік фермы: Грошай у калгасе няма.

Насамрэч выяўлены намі заняпад ачышчальных – хранічны ва ўсёй краіне. Гэта прызнаваў былы першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Беларусі Віталь Кулік:

«Цяпер застаецца вельмі складанаю сітуацыя з лакальнымі ачышчальнымі збудаваннямі, больш за 80 адсоткаў праектаў ачышчальных збудаванняў у Беларусі выканана ў 70-80-х гадах мінулага стагоддзя».

Адна з прычынаў – карупцыя. Гэтак, у 2011 годзе ў аграгарадку Дзеравянчыцы ачышчальнае абсталяванне было ўведзена ў 2011-м і паспяхова працавала з таго часу. Але, як выявілася, – толькі на паперы. Трывогу забіў старшыня сельсавету Дзеравянчыцаў Слонімскага раёну Сяргей Бязносік:

«Паводле папераў, нібыта і акт быў укаранення. Тыя, хто тады быў, ужо даўно і не працуюць: хто на пенсію пайшоў, дырэктар КУП ЖКГ памяняўся, ужо іншы, новы. І інжынер памяняўся, там займаюцца ўсім ужо іншыя людзі. Яны не функцыянуюць. Там усё было пуста. Вось і паўстала пытанне, чаму, як. Я ведаў, што біялагічная ўстаноўка, што на выхадзе чыстая вада будзе, ледзь не крынічная. Ёсць і ёсць, стаяць. Закрытая тэрыторыя, хто туды пусціць. І ўсё, стаяць, а тут гэта вылезла».

Аснова праблемы – няспынная чарада сістэмных эканамічных крызісаў, якая доўжыцца апошняе дзесяцігоддзе. На экалогію няма грошай, гэтак лічыць дырэктар кампаніі «РадалітАква» Дзмітрый Станкевіч:

«Дзесяцігоддзі перыядычных крызісаў прывялі да таго, што экалогія сышла на другі план. На экалогію няма грошай. Да 2008 года вылучаліся грошы для Мінпрыроды, што былі гатовыя марнаваць на прадпрыемствы разам з самімі прадпрыемствамі. Гэта значыць, прадпрыемства хоча рэканструяваць свае ачышчальныя збудаванні. Палову грошай уносяць яны, палову ўносіць Мінпрыроды. Цяпер Мінпрыроды не дапамагае прадпрыемствам».

У 2012 годзе ўлады Беларусі спынілі практыку збіраць сродкі для адмысловых экалагічных фондаў. Цяпер грошы на экалогію ідуць у агульны бюджэт і гарантыяў таго, што імі не будуць затыкаць іншыя дзіркі, – няма.

Патрабаванні ў нарматывах адкідаў для прадпрыемстваў застаюцца, але штрафы за іх парушэнне – сімвалічныя. Гэтак, у Берасці за апошні квартал гэтага года ўлады выявілі 7 парушэнняў і аштрафавалі кожнага адказнага прыкладна на 3 тысячы рублёў. У сярэднім атрымліваецца, што за атручванне навакольнага асяроддзя прадпрыемства плаціць менш, чым два шараговыя беларусы, выплачваючы штраф за аднаразовы ўдзел у акцыі за сумленныя выбары.

Эколаг Наталля Парэчына, адзначае:

«Ёсць распараджэнне прэзідэнта аб тым, каб павялічыць пагалоўе жывёлы на кожным асобным свінакомплексе. З іншага боку, ёсць патрабаванне зніжаць сабекошт вытворчасці кілаграма свініны. Праз што зніжаецца, асадкам павялічваецца, колькасць галоваў павялічваецца, а вось гэтыя лагуны, ачышчальныя збудаванні, паводле абʼёму не павялічваюцца, у іх адзіны шлях – знізіць сабекошт вытворчасці свініны – зэканоміць, эканомяць менавіта за кошт ачышчальных. Таму што, на жаль, ахова прыроды не зʼяўляецца прыярытэтам. Гэта самае апошняе, пра што думаюць любыя работнікі вытворчасці».

Дарэчы, тое, што ў Беларусі экалагічныя рэгулятары, фактычна, падпарадкаваныя мясцовым уладам і адміністрацыі прэзідэнта, якія патрабуюць вокамгненных эканамічных вынікаў, без увагі да наступстваў, – адная з галоўных засцярог Міжнароднае арганізацыі ў атамнай энергетыцы. Гэта перадусім датычыць здольнасці Дзяржатамнагляду датрымаць усе стандарты бяспекі пры запуску АЭС і ўтылізацыі ядравых адкідаў:

«Рэгуляцыйны орган павінен быць узмоцнены. МНС / «Дзяржатамнагляд» не маюць дастатковых працэсаў і магчымасцяў для правядзення неабходнага ліцэнзійнага і нарматыўнага правярання ды ацэнак ліцэнзіі на будаўніцтва».

Дзесяцігоддзе занядбання экалагічнай інфраструктуры дае ведаць пра сябе цяпер – яна пачынае скрозь ламацца, распавядаюць адмыслоўцы:

«Паводле статыстыкі Мінпрыроды, працаздольных біялагічных ачышчальных збудаванняў у Беларусі 68 адсоткаў. Адною трацінаю яны не працуюць, нядзейсныя».

Паводле міжнароднага Індэксу аховы навакольнага асяроддзя, складзенага Ельскім універсітэтам, Беларусь у справе менеджменту сцёкавых водаў займае адно з апошніх месцаў не толькі ў Еўропе, але і сярод краінаў былога Савецкага Саюзу.

 

Гэткая сітуацыя прымусіла ўмяшацца Еўразвяз. Сярод іншага, таму, што бруд праз Нёман і Буг можа патрапляць адпаведна ў Літву і Польшчу. Агулам Брусель, а таксама Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ды Сусветны банк інвеставалі ў водную інфраструктуру Беларусі мільёны долараў. Працэс, аднак, ускладняецца спробамі беларускіх уладаў дадаткова зарабіць на гэтай дапамозе.

 

 

Дзмітрый Станкевіч, дырэктар кампаніі «РадалітАква», адзначае:

«Адназначным крытэрам з’яўляецца імпартазамяшчэнне, прычым даводзяць гэтую справу да абсурду. У тым плане, што кожны вытворца ў гаражы можа абазваць сябе беларускім вытворцам, атрымаць сертыфікат вытворцы ад беларускай гандлёва-прамысловай палаты і агучыць, што іхнае абсталяванне чысцяць да такіх нарматываў, і ніводная з арганізацыяў, больш-менш экспертных, не праверыць, чысцяць іхнае абсталяванне да гэткіх паказнікаў або не чысцяць».

Цяпер страты праз забруджванне беларускіх рэк зазнае перадусім навакольнае асяроддзе. Паказнікі забяспечанасці насельніцтва чыстай пітной вадой усё яшчэ параўнаўча высокія. Але гэта, перадусім, за кошт надзвычай багатых натуральных водных рэсурсаў Беларусі, якую таму і называюць сінявокай. Праўда, гэтых асвоеных рэсурсаў застаецца ўсё менш, а і ўзровень забруджвання – павялічваецца. Здабываць новыя артэзіянскія крыніцы каштуе грошай. А ачышчэнне вады для падачы яе ў кватэры прыводзіць да аварыяў кшталту той, што мы бачылі ўлетку ў Менску.

Вялікая частка забруджванняў хаваецца на нізкім і сярэднім узроўні як ад насельніцтва, так і ад уладаў найвышэшага ўзроўню. Адбываецца гэта праз адсутнасць падзелу ўладаў. Як вынік, экалагічныя службы фактычна падпарадкоўваюцца тым, каго мусяць кантраляваць, і пакрываюць іхныя парушэнні. Міжнародная арганізацыя ў атамнай энергетыцы неаднаразова выказвала асцярогі адносна таго, што беларускі Дзяржатамнагляд – не паўнавартасны незалежны рэгулятар. А гэта значыць, што падобная праблема можа паўстаць і з утылізацыяй ядравых адкідаў.

Belsat.eu