Intermarium БНР не атрымалася, бо ў Беларусі не аказалася беларусаў


Выданне гістарычнага ток-шоу «Intermarium», прысвечанае беларусам-бежанцам у часе Першай сусветнай вайны

У 1915 годзе ў глыб Расеі з беларускіх земляў было вывезена, па розных падліках, да 2 млн чалавек.

Ішла Першая сусветная вайна, і людзі беглі ад яе на ўсход. Гэта не магло не паўплываць на паспяховасць праекту па стварэнні маладой беларускай дзяржавы, незалежнасць якой была абвешчана 25 сакавіка 1918 года.

Летам 1915-га расейская армія цярпіць цяжкія паражэнні ад нямецкай. Расейскія ўлады прымаюць рашэнне выкарыстаць тактыку выпаленай зямлі. То бок перамясціць вялікія масы людзей на ўсход, каб пазбавіць праціўніка рэсурсаў. Каб пераканаць насельніцтва заходніх губерняў, перад усім беларусаў, пакінуць свае дамы, была разгорнутая магутная прапаганда. Вялікую ролю ў ёй адыграла праваслаўнае духавенства.

Паводле Анэты Прымака-Онішк, польскай журналісткі, аўтаркі кнігі «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы», спачатку беларусы не збіраліся ў Расею надоўга. Тым больш, кіраўніцтва расейскай арміі пад ціскам польскага грамадства ў хуткім часе адмовілася ад тактыкі выпаленай зямлі. Але снежны ком ужо каціўся: людзі беглі ад страху.

У выніку на момант абвяшчэння БНР «беларускі рух не меў на каго абаперціся не меў тых рэкрутаў, якія маглі б і хацелі ўзяць зброю, каб змагацца за Беларусь», – зазначае доктар гістарычных навук Сяргей Токць, (Горадня, Беларусь).

Абодва навукоўцы сходзяцца ў меркаванні, што бежанства мела і пазітыўныя моманты для развіцця беларускай самасвядомасці. Апынуўшыся ў Расеі, беларусы адчулі, што яны – зусім не частка вялікага расейскага народа. Што яны маюць сваю мову і звычаі.

Нягледзячы на гэта, расейцы вельмі добра прынялі беларусаў, ды і зямлі ўсім хапала. Пакуль ну 1917-м не адбыўся бальшавіцкі пераварот. Пачаўся голад, да эмігрантаў пачалі ставіцца варожа. І шмат хто з беларусаў пачаў вяртацца на радзіму, у заходнія губерні Расейскай імперыі, якія аказаліся ўжо ў межах маладой польскай дзяржавы.

Беларускай Народнай Рэспублікі яны ўжо не засталі. Ці мог яе напаткаць лепшы лёс, а гісторыя Усходняй Еўропы – пайсці іншым шляхам?

Пра гэта гісторыкі размаўлялі ў выданні гістарычнага ток-шоу «Intermarium», прысвечанаму абвяшчэнню БНР:

Глядзі таксама
Каментары