Рэпрэсіі над абаронцамі блогераў


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Масавыя затрыманні і суды над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага. Штрафы і содні арышту. У Лідзе пакаралі нават медыкаў, якія казалі пра праблемы, звязаныя з каронавірусам. Затрыманыя журналісты, таксама нашага каналу. Карэспандэнты «Белсату» з Гомля, Магілёву, Горадні распавядуць пра падрабязнасці пераследу ў іх рэгіёнах.

На гэтым фоне ўлады абвесцілі дату прэзідэнцкіх выбараў. Яны маюць адбыцца 9 жніўня. Гэта азначае, што дакументы на рэгістрацыю прэтэндэнты павінныя скласці ў Цэнтрвыбаркам да 15 траўня. Ці ўсе паспеюць? Блогер Ціханоўскі таксама збіраўся гэта зрабіць, але цяпер адбывае пакаранне.

Павел Севярынец з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі гаворыць пра злачынства ўладаў ды тое, што ўдзельнічаць у такіх выбарах нельга, заклікаючы да грамадзянскага супраціву. Лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, разумеючы ўсе цяжкасці з выбарамі і маніпуляцыі ўладаў, збіраецца ўсё ж у іх удзельнічаць. Ацэнку новых выбараў і адрозненне ад папярэдніх даюць жыхары Віцебску. А Аляксандр Лукашэнка рыхтуецца да параду ды канцэрту 9 траўня. Сваё меркаванне пра гэта выказваюць жыхары сталіцы.

А мы збіраем факты ды заахвочваем да ўдзелу ў праграме «Белсат Zoom». Пішыце на наш кантакт: BELSAT@GMAIL.COM

На сённяшні эфір запрашае Сяргей Падсасонны.