Бігас з «мясам белага мядзведзя». Як армія наносіць харчовыя траўмы

У новым выданні кулінарна-тэрапеўтычнага шоу «Я не буду гэтага есці» мы паспрабуем прыгатаваць бігас, да якога пасля перажытага ў войску зможа дакрануцца лідар гурта «Дай дарогу!» Юрый Стыльскі.

У праекце «Я не буду гэтага есці!» вядомыя людзі дзеляцца з намі сваймі кулінарнымі траўмамі: распавядаюць, да якой стравы не могуць дакрануцца і чаму. Задача нашых шэф-кухараў Вольгі Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага змяніць рэцэпт так, каб наш герой з’еў усё да апошняй лыжкі ды папрасіў яшчэ. Напрыканцы праграмы госць абірае пераможцу кулінарнай бітвы.

Пра тое, як служылася ў беларускім войску, Юрый распавядаў на сваёй старонцы «Вконтакте» ў сувязі з гібеллю Аляксандра Коржыча. У пасце было і пра сінюю з жоўтымі разводамі ад збіцця грудную клетку, і пра патрабаванне збіць калегу па службе, каб не збілі цябе, і пра вымагальніцтва грошай.

Цяжка ўявіць, што ў такой арміі нядрэнна кармілі.

«Цягам 1,5 года мне даводзілася есці тры разы на тыдзень адну і тую ж стравуу – армейскі бігас на камбітлушчы», – успамінае Юрый Стыльскі.

Апошнія дваццаць гадоў да тушанай капусты ён гэтак і не дакрануўся. Хоць сам паспеў папрацаваць кухарам у чатырох рэстарацыях Берасця.

Аляксандру Чыкілеўскаму гэтая страва таксама запомнілася з вайсковых часоў:

«Бігас з “мясам белага мядзведзя” (гэта сала са шчаціннем) нам падавалі досыць часта».

Такім чынам, што ж прапануюць нашыя шэф-кухары ў якасці «лекаў»? Вольга Прыгарава зрабіла стаўку на форму падачы: замест класічнага бігасу прыгатавала бургер з карамелізаванай чырвонай капустай і брыскетам – ялавічынай, вэнджанай асаблівым спосабам цягам 16 гадзін.

Аляксандр Чыкілеўски рызыкнуў прыгатаваць класічны бігас, па матывах рэцэпту часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Убачыўшы набор неабходных для гэтага прадуктаў, Юрый Стыльскі выказаў меркаванне, што гэта была цалкам смачная страва, «пакуль яе не сапсавалі нашы прапаршчыкі».

Бургер з карамелізаванай капустай і вэнджаным брыскетам

  • булачкі для бургера – 3 шт.
  • чырвоная капуста – 1 кг
  • бальзамічны воцат – 100 мл
  • мёд – 50 мл
  • цукар – 100 г
  • чырвонае віно – 200 мл
  • чабор – 10 г
  • вэнджаны брыскет – 700 г
  • марынаваныя агуркі – 200 г
  • салодкая гарчыца (муштарда) – 100 г
  • буракі – 1 кг
  • кукурузны крухмал – 300 г
  • мука – 300 г
  • сланечнікавы алей – 1 л
  • сметанковае масла – 120 г

Для гэтай стравы спатрэбіцца фрыцюр у выглядзе разагрэтага сланечнікавага алею ў сатэйніку.

Капусту шаткуем і абсмажваем на добра разагрэтай патэльні са сметанковым маслам і алеем. Смажым да паўгатовасці (хрусткая звонку, але мяккая ўнутры), дадаем віно, бальзамічны воцат, цукар з мёдам для карамелізацыі ды чабор.

Тонка наразаем буракі, паніруем у сумесі мукі і кукурузнага крухмалу. Стрэсваем лішняе пры дапамозе сіта і абсмажваем у разагрэтым сланечнікавым алеі. Выкладваем на сурвэткі, каб увабраўся лішні тлушч. Гатовыя чыпсы пасыпаем соллю і мятай.

Падаграваем булачкі ў духоўцы. Змазваем іх гарчыцай. Выкладваем капусту, затым брыскет, разагрэты на сметанковым масле, і марынаваны агурок, нарэзаны кружкамі.

Падаем бургер з бураковымі чыпсамі.

Фул-кантакт! «Дай дарогу!» у #BML Premium з галоўнымі песнямі

Тушаная капуста (бігас хуткі)

  • белакачанная капуста – 600 г
  • квашаная капуста з расолам – 600 г
  • рэпчатая цыбуля – 150 г
  • морква – 150 г
  • вешанкі – 200 г
  • цёмнае піва – 1 л (напрыклад, «Velkopopovický Kozel»)
  • мёд – 150 г
  • каперсы – 1 слоічак
  • рулька вэнджаная – 500 г
  • кабаносы – 300 г
  • вэнджаны курыны кумпячок – 300 г
  • таматная паста – 200 г
  • сушаныя памідоры – 100 г
  • салёныя агуркі – 300 г
  • свіныя рэбры – 500 г
  • чарнасліў – 400 г
  • разынкі – 200 г
  • гваздзік – 3 шт.
  • бадзян – 1 зорачка
  • карыца – 3 палачкі
  • грыбная пудра
  • журавінавая пудра

Цыбулю наразаем саломкай і абсмажваем у рондалі на ператопленым масле са спецыямі і парэзанымі свінымі рэбрамі. Моркву наразаем бруском. Сухафрукты замочваем і выдаляем костачкі. Салёныя агуркі наразаем бруском, грыбы – дробна.

Да цыбулі дадаем моркву і абсмажваем 5 хвілін. Дадаем грыбы, сухафрукты, таматавую пасту, каперсы з расолам, агуркі з расолам, мёд і рэшту інгрэдыентаў.

Усе мясныя прадукты наразаем сярэднім кубікам і запякаем у духоўцы, а кабаносы здрабняем і дадаем у рондаль.

Закладваем першы пласт квашанай капусты, зверху – запечаныя мясныя прадукты і накрываем іх рэштай капусты. Заліваем цёмным півам і тушым на сярэднім агні 1,5 – 2 гадзіны, увесь час памешваючы.

Чый варыянт перамог у кулінарнай бітве? Юрый прыйшоў у студыю са сваімі сябрамі Іллёй і Антонам, якія і дапамогуць яму з выбарам. Глядзіце новае выданне кулінарнага шоу «Я не буду гэтага есці» (відэа ў пачатку артыкула).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце штонядзелю а 19:35 паводле менскага часу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Astra 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў архіве на нашай старонцы.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на Facebook, у «Одноклассниках» і ў Instagram.

ІА, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Беларускія рэстараны: замест зорак Мішлен – шыны Белшыны

«Хацела ісці ў міліцыю»: баксёрка Кацярына Вандар’ева пра дзяцінства і нелюбоў да дранікаў

У вас дыябет? Вось што раяць менскія шэф-кухары

«Голас» Менскага вакзалу, спявачка Руся знялася ў шоу «Я не буду гэтага есці»

Шоу «Я не буду гэтага есці» вяртаецца ў Беларусь

Паглядзіце, як на Вялікдзень гатуюць страусавыя яйкі

Заклік сядзець удома і варыць боршч нарэшце стаў актуальны

Антыкрызіснае меню: пераходзім на субпрадукты