Без віны вінаватая: распачалася працэдура імпічменту


«Цяпер мне пагражае пераварот – дзяржаўны пераварот, падчас якога выкарыстоўваюць імітацыю дэмакратычных і юрыдычных працэдураў, каб здзейсніць самае абуральнае злачынства супраць асобы – абвінаваціць невінаватага», – заявіла Дыўма Русэф.

Парадоксам галасавання з’яўляецца тое, што ніякіх доказаў яе карумпаванасці няма, у той час як сярод прыхільнікаў яе адстаўкі ёсць шмат вядомых карупцыянераў.Пасля таго, як сталі вядомыя вынікі галасавання аб імпічменце, знайшліся як тыя, хто пачаў святкаваць блізкую адстаўку Русэф, гэтак і засмучаныя навіною жыхары Бразіліі.

«Абвінавачанні супраць Дыўмы Русэф – незаконныя. Няма ніякіх судовых доказаў яе незаконнай фінансавай дзейнасці», – кажуць нам на бразільскіх вуліцах.

Галасаванне ў Сенаце прызначылі на пачатак траўня. Калі большасць сенатараў выкажацца за імпічмент, Дыўму Русэф адхіляць ад улады на сто восемдзесят дзён. Плануецца, што на гэты перыяд краіну ўзначаліць віцэ-прэзідэнт Мішл Тэмэр. Дыўме Русэф таксама пагражае судовы разбор у справе Петрабраса – нафтавага манапаліста, кіраўніцтва якога падазраюць у маніпуляцыях з падаткамі. У гэтай справе ўжо арыштавалі шмат вядомых дэпутатаў і бізнесоўцаў з блізкага атачэння Русэф.Кацярына Ерусалімская, «Белсат»