Беларусы трапілі на апошнюю стадыю беднасці – мяняюць валюту




Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе ашчаджэнні беларусаў: ці ёсць чаму радавацца, калі ў банках ляжыць некалькі мільярдаў рублёў?

Дзяды нашыя глядзелі, дзе мышы ўвосень запасы робяць: пад сціртаю ці на сцірце. І праз тое даведваліся, якія будуць зіма і вясна. Гэтак і вучоныя эканамісты вывучаюць масавыя паводзіны насельніцтва: схільнасць да ашчаджэння, сярод іншага. Каб гэткім спосабам меркаваць пра будучыню. Варта і нам на тую схільнасць зірнуць.

Тое, што складзена па скрынках ці схаванае пад бялізну ў шафе – уліку не паддаецца. А яно ёсць. Нават у даволі бедных. Што ў багацейшых, каторыя маюць рахункі, улічвае Нацыянальны Банк.

Сума ўнёскаў уражвае, калі самая сабой: 3,9 мільярды беларускіх рублёў ляжала ў кастрычніку. Але, калі перамножыць сярэдні намінальны наяўны заробак на колькасць афіцыйна занятых, то атрымаецца 4,3 мільярда рублёў. І сума ўнёскаў прымушае задумацца. Чаму, усё жыццё працуючы, людзі, у сярэднім, назапашваюць сабе на месяц жыцця? Таму ў нас мноства прычынаў.

Першая – няўстойлівасць нацыянальнай валюты ў доўгатэрміновай перспектыве. Таму, хто мае магчымасць адкласці пра запас, ашчаджае долары і еўры. У выніку сума, ашчаджаная ў валюце, перавышае рублёвую амаль у тры з паловаю разы. Яшчэ ж у багатых ёсць і замежныя рахункі, а ў бедных – заначкі. Яны пераважна валютавыя.

Але бывае так, што мноства людзей адначасова вырашае свае заначкі ды рахункі размарозіць і выкарыстаць. Мноства кліентаў беларускіх банкаў, якія маюць запасы валюты, прыняло такое рашэнне, у масе сваёй, у лістападзе 2015 года і яго трымаецца.

З таго часу валютавыя ўнёскі падаюць сярэднім тэмпам на мільёнаў 40 амерыканскіх долараў штомесяц. Тэарэтычна гэта трактуецца як пераход ад схільнасці да назапашвання да схільнасці да спажывання. А пераход той сведчыць, што прадчуванні шырокіх народных масаў цяжка назваць радаснымі. Бо ашчаджаюць масы, калі ім збольшага ўсяго стае і будучыня бачыцца светлая.

Зразумела, што валютавыя дэпазіты скарачае гэтак званы сярэдні клас, пераводзячы грошы ў нерухомасць ды іншыя каштоўныя рэчы. Ашчаджэнні больш бедных пульсуюць з няпэўнаю частатою, доўга ўзнікаюць і хутка знікаюць. Рублёвыя ўнёскі падалі з чэрвеня 15 да сакавіка 16 года, потым раслі да сёлетняга жніўня.

Што з імі далей будзе, пабачым. Думаю, што багатыя дадуць сабе рады, а тыя, хто жыве ад заробку да заробку, хай не пакідаюць мудрасці продкаў, што казалі: «Прасі, Божа, памажы! Ды й сам не ляжы». Поспехаў у працы.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Чыноўнікі людзям: Праблемы няма, а вас не існуе
  • Праядаем заначкі: беларусы сталі менш ашчаджаць і больш выдаткоўваць
  • Жыццё на вёсцы даражэйшае за гарадское

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».